У Гарадзенскім універсітэце ліквідуюць апальны гістфак


Чуткі пра тое, што гістфак могуць аб’яднаць з факультэтам турызму, з’явіліся пасля звальнення аднаго з аўтараў падручніка «Гораднязнаўства» Вячаслава Шведа.

Дэкан гiстфаку Эдмунд Ярмусік пацвердзіў інтэрнэт-газеце «Салідарнасць», што пытанне з аб’яднаннем факультэтаў сапраўды вырашаецца. «Калі ў вас ёсць гэткая інфармацыя, то, як вядома, дыму без агню не бывае, – адзначыў Эдмунд Ярмусік. – Такое рашэнне ёсць. Яно абмяркоўваецца. Нічога страшнага ў гэтым няма. Гэта – натуральная рэарганізацыя вучэбнага працэсу. Пры любой уладзе і ў любой краіне мы мусім сеяць разумнае, добрае, вечнае. Для нас галоўнае – гэта студэнты. Гісторыя як прадмет у любым выпадку застаецца. А ўсё астатняе – гэта фармальнасць».

Хутчэй за ўсё, аб’яднанне факультэтаў пацягне за сабою і скарачэнне штатаў. Гэткім чынам універсітэт цалкам законна зможа пазбавіцца ад рэшты «нядобранадзейных» гісторыкаў, якія пакуль займаюць свае пасады.

Рэпрэсіі ў дачыненні выкладчыкаў гістфаку ідуць ужо даўно. З восені 2012 года на ім стала на трох выкладчыкаў менш.

Спачатку звольнілі аднаго з аўтараў кнігі «Гораднязнаўства» Андрэя Чарнякевіча. Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра прызнаўся, што загадаў зрабіць гэта асабіста.

У хуткім часе пра свой сыход з універсітэту на знак пратэсту супраць ціску на калег заявіў у адкрытым лісце да кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму старэйшы выкладчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Ігар Кузмініч. Сёлета ў красавіку працы пазбавілі Вячаслава Шведа.

АК, belsat.eu, паводле gazetaby.com

Стужка навінаў