Беларуская армія распрадае тэхніку і тратылавыя шашкі


Вайскоўцы шукаюць пакупнікоў сярод арганізацыяў, прадпрымальнікаў і простых грамадзянаў. Чым гандлюе армія і хто гэта купляе?

Узброеныя Сілы тэрмінова шукаюць пакупнікоў маёмасці. У раздзеле «Гарачыя прапановы» на старонцы ведамства – амаль тысяча найменняў тавараў, ад бронетранспарцёра да скальпеляў і кубкаў для кавы.

Бронетранспарцёр, радыёстанцыя і перасоўны хлебазавод

Продажам непатрэбных войску рэчаў займаецца ўпаўнаважаная арганізацыя «Белспецкантракт». Упраўленне матэрыяльных рэсурсаў Узброеных сілаў РБ, у сваю чаргу, збірае прапановы ад іншых падраздзяленняў.

Напрыклад, бранятанкавае выставіла на продаж шэсць адзінак тэхнікі, у тым ліку бронетранспарцёр МТ-ЛБ. У Паветрана-дэсантных войсках знайшліся непатрэбныя парашуты і ратавальныя камізэлькі. Атаварыўшыся ў рэчавым упраўленні, можна смела здымацца ў кіно: тут табе і шапка-вушанка, і целагрэйка, і палявая сумка з папружкаю, на якой – савецкая зорка.

Для «сапраўдных патрыётаў» – фотаапарат і радыёпрыймач ад Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы. Дзякуючы харчоваму ўпраўленню можна стаць шчаслівым уладальнікам палявой кухні, алюмініевых талерак, кубкаў і нават перасоўнага хлебазаводу (ПМХ).

Магчыма, камусьці ў штодзённай працы спатрэбіцца радыёстанцыя для пошукавай беспадстроечнай радыёсувязі, кампрэсарная станцыя, кіслародная цыстэрна або аэрадромны электраматор-генератар. Або цеплавоз ТЭМ1 і старыя багажныя вагоны? Інжынерныя войскі афіцыйна прадаюць тратылавыя шашкі – для «выканання выбуховых працаў у грунце, разбурэння выбухным спосабам драўляных, металічных і жалезабетонных канструкцыяў».

З рэзервуараў для паліва робяць басейны

Інфармацыю пра тавары з вайсковым мінулым можна знайсці не толькі на інтэрнэт-старонцы. Штогод ладзяцца выставы-продажы. Апошняя прайшла напрыканцы траўня ў 1100 базе захоўвання і рамонту тэхнікі службы паліва ў паселішчы Міханавічы (Менскі раён).

Дзяржаўныя арганізацыі ды прадпрымальнікі цікавіліся перадусім вайсковымі аўтамабілямі, якія бралі таксама на запчасткі. Гандляр запчасткамі для грузавікоў набыў «Урал-4320» за Br 45 млн., паводле яго, кошт апраўданы, бо рынкавы кошт аднаго толькі рухавіка складае 10 млн. Старымі «Ураламі» цікавіліся таксама пажарныя, якім часта не стае сваёй тэхнікі.

Рэзервуары і ёмістасці для паліва найчасцей набываюць дачнікі, якія робяць з іх басейны. А часткі паліваправодаў выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы – паліваюць палі ды градкі на адлегласці.

Калі адзін і той жа прадмет зацікавіць некалькіх пакупнікоў, яго выстаўляюць на аўкцыён.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем інфармацыі vsr.mil.by

Стужка навінаў