Настаўнікі, што сталі героямі. На “Белсаце” – фільм пра антысавецкіх падпольшчыкаў


“Глыбоцкая змова” – знятая на замову нашага тэлеканалу стужка знанага беларускага рэжысёра Валерыя Мазынскага, якая распавядае пра падпольную моладзевую арганізацыю “Саюз беларускіх патрыётаў” (Глыбокае–Паставы), што дзеяла па заканчэнні Другой сусветнай вайны.



Пасля таго, як Беларусь вызвалілі ад нацысцкіх захопнікаў, паступова ў краіне адраджалася нармальнае жыццё. Аднак з пэўнымі “асаблівасцямі”. Гэтак, сістэма адукацыі была цалкам зрусіфікаваная. “Калі немцы нам не забаранялі вучыцца і ведаць сваю гісторыю, культуру, то што ж такое, чаму цяпер мы не можам гэтага рабіць?” – згадвае адна з гераінь фільму. Сябры “Саюзу беларускіх патрыётаў” – маладыя настаўнікі – змагаліся з павальнаю русіфікацыяй ды імкнуліся выхаваць нацыянальна свядомых дзяцей, хай і ў савецкіх школах.

Савецкія ўлады адназначна ўспрымалі падпольную арганізацыю як варожую. У 1947 годзе савецкія спецслужбы разграмілі “Саюз беларускіх патрыётаў”, арыштаваўшы большасць сябраў. Трое актывістаў пачулі смяротны вырак, аднак яго замянілі на 25 гадоў зняволення. На розныя тэрміны, ад 8 да 20 гадоў, асудзілі яшчэ каля 40 чалавек.

Тады – “ворагі народу”, цяпер – “пятая калона”

{movie}Валеры Мазынскі пра стужку “Глыбоцкая змова”|right|11077{/movie}

Рэжысёр кінастужкі Валерый Мазынскі гаворыць, што пра гісторыю стварэння і паразы “Саюзу беларускіх патрыётаў” ён даведаўся ў 1990-я гады. Сёння гэтая тэма, на думку творцы, актуальная і надзённая. “Мне здаецца, што сёння яна самая важная для Беларусі. Гэта – школа. Гэта – настаўнік. Не бацькі, а менавіта настаўнік. І гэтая гісторыя пра тое, як за тры гады свядомыя настаўнікі, былыя выпускнікі Віленскай гімназіі, здолелі ўкласці сваім навучэнцам столькі ды такога, што тыя нават сёння, адыходзячы ў лепшы свет, згадваюць сваіх настаўнікаў самымі лепшымі словамі, да гэтага часу яны засталіся патрыётамі сваёй радзімы”, – гаворыць Валерый Мазынскі.

Ці здольныя беларускія школы цяпер да такога выхавання? “Сёння школа рыхтуе людзей з паняткам жывата і капейчыны, больш – нічога. Гэта трагедыя. Гэта людзі ніякія, якія будуць займацца толькі самі сабою і не будуць бачыць вакол нечага большага”, – гаворыць рэжысёр.

Валерый Мазынскі распавёў журналістам “Белсату”, што ў здымках фільму бралі ўдзел школьнікі менавіта таго рэгіёну, дзе адбываліся гістарычныя падзеі вакол “Саюзу беларускіх патрыётаў”. Аднак зняць хоць некалькі фрагментаў для фільму ў памяшканні школаў не ўдалося. “Вядома, якая сітуацыя цяпер у краіне, але ў настаўніках сядзіць такі жудасны страх, што, як кажуць, іншым разам і не смешна. Яны баяцца ўжо адзін аднаго. З іншага боку – гэта працяг падзеяў 60-гадовай даўніны, і гледзячы на сітуацыю, у якой жылі тыя хлопчыкі ды дзяўчаткі – яна не змянілася і сёння. Яны ахвяравалі сабою дзеля бел-чырвона-белага сцяга, дзеля Пагоні, беларускай мовы. Сёння моладзь таксама вымушаная прыносіць сябе ў ахвяру за тыя самыя каштоўнасці, пра якія мы гаворым у сваім фільме”, – дадае Валерый Мазынскі.



Уладзімір Халіп: Савецкай прапагандзе не ўдалося зрабіць з іх ворагаў



Кінадраматург Уладзімір Халіп гаворыць, што яшчэ з дзяцінства ведаў пра змову глыбоцкіх маладзёнаў. “Я з Вушацкага раёну, гэта нашыя суседзі, і ў нашым краі хадзілі пра іх чуткі, шмат хто добра пра іх ведаў. Усе ставіліся да іх як да сапраўдных герояў. Не было ніякага асуджэння, хоць увесь час савецкая прапаганда рабіла з іх ворагаў народу – маўляў, фашысты пакінулі тут сваё падполле”, – распавядае Уладзімір Халіп.

{movie}Уладзімір Халіп: Савецкай прапагандзе не ўдалося зрабіць з іх ворагаў|right|11076{/movie}

“Калі да мяне звярнуўся Валерый Мазынскі ды прапанаваў супрацу, я ахвотна пагадзіўся. Яшчэ жывыя некаторыя ўдзельнікі тых падзеяў. Мы сустрэліся з цудоўнымі людзьмі. Я ўпэўнены, што шмат хто пераканаецца ў тым, якія чыстыя крыштальныя душы ў гэтых людзей. А той, хто абвесціў іх ворагамі народу, свядома здзейсніў злачынства, каб зганьбіць самых лепшых з беларусаў”, – дадаў кінадраматург. На ягоную думку, удзельнікі “Саюзу беларускіх патрыётаў” на паўстагоддзя апярэдзілі свой час, бо зразумелі, што беларусам дзеля захавання нацыі патрэбная ўласная незалежная краіна.

Як самаарганізоўвалася беларуская моладзь, як схопленых актывістаў дапытвалі ў КДБ, а пазней – судзілі ў савецкім судзе; успаміны чальцоў СБП пра ідэалы і дзейнасць арганізацыі, пераслед і зняволенне – у новым фільме “Глыбоцкая змова”. Стужку можна будзе пабачыць у новым тэлевізійным сезоне, што распачынаецца ў верасні.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў