Фрагменты беларускага мюзіклу “Соф’я Гальшанская” паказалі гледачам


Сюжэт распавядае пра тое, якім няпростым шляхам вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла і ягоная чацвёртая жонка Соф’я Гальшанская ішлі да ўзаемнага кахання.

Восем нумароў з будучага спектаклю паказалі познім вечарам 7 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту пад Менскам. Там праходзіў тэатралізаваны канцэрт “Баль у Соф’і Гальшанскай”, у якім узялі ўдзел зоркі музычных тэатраў Менску, Масквы, Клайпеды, Каўнасу, Караганды і Баку.
{movie}Фрагмент мюзікла “Соф’я Гальшанская”|right|11075{/movie}
Мюзікл напісалі Уладзімір Кандрусевіч і Алена Турава. Прэм’ера запланаваная ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры на лістапад.

Паводле кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, сюжэт мюзіклу развіваецца на фоне падзеяў, якія адбываліся ў Вялікім княстве Літоўскім у пачатку XV стагоддзя. Польскі кароль Ягайла, удавец, сваёй чацвёртаю жонкай абраў Соф’ю – сярэднюю дачку беларуска-літоўскага князя Андрэя Гальшанскага, хоць меўся ажаніцца са старэйшаю дачкою. Суперніцтва сясцёр вырастае ў драматычны канфлікт з удзелам польскага двара.

“Толькі пры канцы спектаклю Ягайла зразумее, каго ён узяў у жонкі, і пакахае выбранніцу. І ў Соф’і з’явіцца вялікае пачуццё да гэтага, як ёй спачатку падалося, пагардлівага старога”, – тлумачыць кампазітар. Гаварыць і спяваць артысты будуць на беларускай і расейскай мовах з дамешкам польскай.

Дарэчы, Уладзіміра Кандрусевіча на пачатку 1970-х выключылі з кансерваторыі за арганізацыю першага ў Менску рок-канцэрту. Тады ягоны гурт “Пане-браце” паспеў выканаць адну песню. Праўда, на абарону студэнта падняўся ўвесь курс, і яго аднавілі. Гэта не першы мюзікл кампазітара: у 2008-м выйшаў “Байкер” – паводле раману П’ера Анбруаза Франсуа Шадэрлё дэ Ляклё (Pierre Choderlos de Laclos) “Небяспечныя сувязі”.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў belapan.com і minsknews.by
https://youtu.be/4y_81O6r6mk

Глядзі таксама
Каментары