Павал Севярынец застанецца ў СІЗА КДБ


Пра гэта маці палітыка, Таццяне Севярынец, заявіў кіраўнік следчай групы па справе аб масавых закалотах Анатоль Сукала.

Таццяна Севярынец сустрэлася з Анатолем Сукалам, каб высветліць, чаму адвакату не дазваляюць сустрэцца з падабаронным сам-насам, ці перадаюць Паўлу ўсе неабходныя лекі і ці дазволяць маці спатканне з сынам. Следчы ад адказаў на пытанні ўхіліўся, адзначыўшы толькі, што пра змену меры стрымання Павалу Севярынцу і гаворкі ісці не можа.

“Яны спрабуюць зламаць майго сына, спрабуюць зламаць нас, але нічога ў іх не атрымаецца”, – гаворыць маці зняволенага.

Бацька Паўла, Канстанцін Севярынец, паведаміў “Белсату”, што сёння сям’я атрымала ліст ад сына: “Ён пазначыў яго № 8, але да нас дайшоў толькі другі ліст з таго, што напісаў Павал”.

Павал паведамляе, што вопраткі і ежы яму стае, сёе-тое ўдаецца набываць у турэмнай краме. Нарэшце ўдалося купіць і Біблію. “Усё, што адбываецца з намі, верніку ідзе на карысць, – піша Павал. – Затое з’явіўся час абдумаць і пісаць раман”.

У лісце Павал імкнецца падтрымаць бацькоў: “Калі Бог дасць, убачымся неўзабаве, калі не – усё роўна ўбачымся калі-небудзь”. Канстанцін Севярынец гаворыць, што ягоны сын заўсёды быў моцны духам. “За гэта яго і прэсуюць, – голас бацькі дрыжыць ад хвалявання. – Але ж мы перажывалі і не тое”.

Канстанцін Севярынец нагадвае, што адвакат бачыў Паўла адзін раз – 29 снежня летась.

belsat.eu

Стужка навінаў