Цэнтралізаванае тэставанне: менш мовы і абітурыентаў


Са 116 тыс. сёлетніх удзельнікаў цэнтралізаванага тэставання толькі трошкі больш за 33 тыс. беларускую мову. Рэшта будзе здаваць асноўны дзяржаўны іспыт па тытульнай мове нашай усходняй суседкі.

{movie}Менш мовы і абітурыентаў|right|11072{/movie}

У Аляксандры Іргашавай да тэсту па беларускай мове застаўся тыдзень. Аднак ужо цяпер яна можа сабе дазволіць чытаць у вольны час не дапаможную, а мастацкую літаратуру. Беларускую мову ведае на “выдатна”.

АЛЯКСАНДРА ІРГАШАВА, ВЫПУСКНІЦА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ:
“Апошнія гады я займалася толькі на беларускай мове, і я нават ужо забылася, як некаторыя рэчы гучаць па-расейску”.

Але такое здараецца толькі ў адзінак – тых, хто навучаецца ў Беларускім гуманітарным ліцэі, афіцыйную дзейнасць якога спынілі ўлады яшчэ 10 гадоў таму.

Пра рэальны стан беларускамоўнай адукацыі сведчаць і іншыя звесткі з тэставання.

ТАМАРА МАЦКЕВІЧ, ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ ШКОЛЫ:
“Ну, прынамсі, тое, што матэматыку і геаграфію па-беларуску здаюць толькі 5 % абітурыентаў, сведчыць, што рэальна ў нашай краіне вучацца па-беларуску толькі 5 %, а не 18 %, як дэкларуе Міністэрства адукацыі”.

Выкарыстанне беларускай мовы на цэнтралізаваным тэставанні пачало рэзка зніжацца цягам апошніх трох гадоў. Калі захаваюцца такія тэмпы, то, тэарэтычна, у 2018 годзе тэставыя прадметы будуць афармляцца толькі па-расейску.

АБІТУРЫЕНТЫ, МЕНСК:
“Я жыву ў Беларусі, вучыўся ў школе па-беларуску, і таму мне прасцей здаваць па-беларуску”.
“Прасцей расейскую. Бо яна лепш вывучаецца тут, і ўсе на ёй размаўляюць”.

І калі такая моўная сітуацыя ў нашай краіне стабільна неспрыяльная, то дэмаграфічныя праблемы могуць абярнуцца непрадказальнымі наступствамі для ўсёй сістэмы адукацыі ўжо неўзабаве. У сёлетняй кампаніі тэставання бяруць удзел больш за 140 тыс. абітурыентаў, што на 24 тыс. менш за леташні конкурс. З аднаго боку, гэта можа павысіць канкурэнцыю сярод універсітэтаў за найлепшага студэнта, але разам з тым універсітэты недалічацца вялізных фінансавых папаўненняў.

СВЯТЛАНА МАЦКЕВІЧ, МЕТАДОЛАГ:
“Калі цяпер ідзе дэмаграфічны спад, то фінансаванне ўстановаў будзе скарачацца праз скарачэнне колькасці спажыўца адукацыйных паслугаў”.

Хоць акурат гэта аніяк не адаб’ецца на паслугах, якіх чакае ад свайго будучага ўніверсітэту Аляксандра. Адрозна ад сярэдняй адукацыі, сярод вышэйшых установаў адукацыі няма нават адзінкавага прыкладу, дзе беларускую мову выкарыстоўваюць хоць бы нароўні з расейскаю – фактычна, замежнаю для дзяўчыны моваю.

Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў