Акуніся ў шалёныя 1990-я: канцэрты, кіно, газеты нарэшце трапяць у інтэрнэт


У Беларусі з’явіўся мультымедыйны праект, прысвечаны 1990-м гадам – часу, калі ўсё было магчыма.

Час магчымасцяў, развіцця і драйву – так ацэньваюць першае дзесяцігоддзе беларускай незалежнасці стваральнікі сайту 90s.by. Сайт будзе распавядаць пра значныя падзеі ды цікавых асобаў Беларусі 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Чаму менавіта 1990-я, а не нейкае іншае дзесяцігоддзе беларускай гісторыі, “Белсату” распавяла аўтарка ідэі, журналістка парталу citydog.by Яся Каралевіч-Картэль:

“Падчас працы мне давялося не раз пачуць гісторыі ад розных людзей пра тое, чым яны займаліся ў 1990-я гады. І калі яны распавядалі, аказвалася, што гэта быў час, калі ўсё было магчыма. Тады людзі, калі нешта хацелі зрабіць, то рабілі. Гэтак з’яўляліся класныя газеты, вельмі цікавыя арганізацыі, праводзіліся канцэрты, якія сёння нават цяжка сабе ўявіць у Беларусі. А сённяшняя моладзь, выпускнікі школаў вельмі мала ведаюць пра тыя падзеі”.

Мэта сайту – якраз і даць магчымасць даведацца і асэнсаваць, што адбывалася ў Беларусі пасля распаду СССР, калі яна стала асобнаю краінаю.

“Сёння ў асноўным мы шукаем інфармацыю ў інтэрнэце, а 1990-я гады ўвогуле збольшага па-за інтэрнэтам. Бо ў Беларусі толькі ў 1999 годзе з’явіўся беспарольны доступ. Вось мы і хочам размясціць у інтэрнэце як мага больш цікавых звестак пра той час”, – распавядае далей Яся.

Праект увасабляецца пры падтрыманні грамадскага аб’яднання “Адукацыйны цэнтр “Пост”. Над сайтам працуюць журналісты, гісторыкі, дызайнеры. Інфармацыю збіраюць у архівах, бібліятэках, робяць інтэрв’ю са значнымі дзеячамі ды проста актыўнымі людзьмі таго часу. На сайце ўжо ёсць інтэрв’ю з Шушкевічам, сканы газетаў 1990-х. Будзе шмат фотаздымкаў.

Агулам плануецца зрабіць 100 артыкулаў, якія будуць з’яўляцца на сайце два-тры разы на тыдзень.

Акрамя таго, запланаваныя 9 падзеяў, удзельнікі якіх будуць дыскутаваць, глядзець фільмы 1990-х, і нават, як распавяла Яся, згуляюць у “Дэндзі”.

Гісторык Ігар Кузняцоў: У 1990-х трэба шукаць адказы на сённяшнія пытанні

З’яўленне праекту вітае гісторык Ігар Кузняцоў, які згаджаецца, што сёння моладзь сапраўды мала ведае пра 1990-я гады. Спадар Кузняцоў зазначае, што падзеі гісторыі патрабуюць асэнсавання праз гады, і магчыма, сёння, калі ідзе ўжо другое дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя, якраз і прыйшоў час асэнсаваць падзеі апошніх дзесяці гадоў стагоддзя ХХ.

“1990-я гады – гэта галоўнае звяно ў нашай найноўшай гісторыі. Гэта час атрымання Беларуссю незалежнасці, час надзеі. Што праўда, надзея гэтая не спраўдзілася. У Беларусі сітуацыя склалася інакш, чым у суседніх краінах пасля распаду СССР. Чаму – адказу трэба там і шукаць, у 1990-х”, – мяркуе гісторык.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў