Ці падзяляе МЗС Літвы аптымізм Палецкіса ў дачыненні Беларусі?


Пра сваё стаўленне да справаздачы дэпутата Еўрапарламенту ад Літвы Юстаса Палецкіса (Justas Paleckis) распавёў міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус (Linas Linkevičius). Аўтар дакументу напісаў, што ў Беларусі палепшылася сітуацыя з правамі чалавека, і прапанаваў Еўразвязу скасаваць санкцыі.

Адказваючы на пытанні журналістаў у Вільні, Лінaс Лінкявічус заявіў, што ў апошняй справаздачы дэпутата Еўрапарламенту ад Літвы Юстаса Палецкіса ёсць “шмат цікавых ідэяў і прапановаў”. Аднак жа, паводле словаў спадара Лінкявічуса, ёсць моманты, з якімі ён асабіста не можа пагадзіцца: “Гэта ягоная справаздача. Спадар Палецкіс – дэпутат Еўрапейскага парламенту і не падпарадкоўваецца Міністэрству замежных справаў Літвы, таксама, як не падпарадкоўваецца яму і міністэрства. […] Я не магу пагадзіцца з высноваю, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася. Я не згодны з гэтым, не бачу ніякіх фактаў, сімптомаў, якія б сведчылі на карысць такой высновы. На жаль, не бачу, бо, вядома, хацеў бы бачыць”.

Кіраўнік МЗС Літвы паведаміў, што рашэння наконт таго, каго запросяць на віленскі саміт краінаў “Усходняга партнёрства”, пакуль не прынялі. “На запрашэнні будуць два подпісы: прэзідэнта Літвы і прэзідэнта Еўрапейскага Звязу, таму гэтае пытанне будзе прынятае ўсімі краінамі ЕЗ на падставе кансэнсусу. Давайце не будзем моцна забягаць наперад. Ужо на ліпень запланаванае спатканне міністраў замежных справаў краінаў “Партнёрства”, і канчатковага рашэння няма, ці запрасіць на яго кіраўніка МЗС Беларусі. Літва выступае за тое, каб яго запрасіць, нават нягледзячы на візавыя санкцыі. Трэба мець камунікацыйны канал, магчымасць перадаваць і атрымліваць інфармацыю, глядзець, ці ёсць нейкі прагрэс. Гэта вельмі істотна”, – заявіў спадар Лінкявічус.

1 ліпеня Літва на 6 месяцаў ачоліць ЕЗ, і саміт “Усходняга партнёрства” будзе адною з найважнейшых падзеяў літоўскага старшынёўства.

Аляксей Дзікавіцкі, АК, belsat.eu

Стужка навінаў