Расейскі палітолаг: развод Пуціна павысіць ягоную папулярнасць сярод выбарніц


Расейскія палітолагі каментуюць, як развод Пуціна паўплывае на ягоны рэйтынг.

Расейскія медыі наперабой змяшчаюць каментары да беспрэцэдэнтнай для краіны падзеі. Учора пасля балету “Эсмеральда” ў Дзяржаўным крамлёўскім палацы Уладзімір і Людміла Пуціны афіцыйна заявілі пра свой развод – падчас інтэрв’ю карэспандэнтцы тэлеканалу “Россия 24”.

Навіна выклікала ў інтэрнэце эфект выбуху бомбы. Мадэратары папулярнага парталу lenta.ru заблакавалі магчымасць пакінуць каментар пад паведамленнем пра разжэнства кіраўніка дзяржавы.

Палітолагі, якія наважыліся каментаваць учынак расейскага прэзідэнта ў неапазіцыйных медыях, кажуць, што гэты крок або не паўплывае на ягоны рэйтынг, або падвысіць яго.

“Трэба сказаць, што Пуцін праявіў перад усім мужнасць у чалавечым плане, – сказаў палітолаг Уладзімір Слацінаў агенцтву “РИА Новости”. – Імаверна, рашэнне давалася яму вельмі няпроста, бо Пуцін – палітык, для якога тэма асабістага жыцця была закрытаю”. Ён мяркуе, што цяпер за прэзідэнтам замацуецца імідж палітыка, які “працуе на сваю краіну, думае пра яе і жанаты з ёю”.

{movie}Уладзімір і Людміла Пуціны заяўляюць пра развод|right|11059{/movie}

Палітолаг Аляксей Мухін дадае, што падзея выкліча сур’ёзную зацікаўленасць да Пуціна з боку жаночай паловы электарату.

Газета “Аргументы и факты” змяшчае каментар палітолага Яўгнена Мінчанкі. Паводле яго, разжэнства або не паўплывае на рэйтынг Пуціна, або падвысіць яго, бо Расея – “краіна з высокаю ступенню цярплівасці, разводы ў нас – нярэдкая з’ява, шмат хто праз гэта праходзіў”. Віцэ-прэзідэнт Цэнтру стратэгічных камунікацыяў Дзмітрый Абзалаў лічыць, што прэзідэнт здзейсніў “мужчынскі ўчынак”.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў