“Еўрапейскі баль” ад Драздоў да Плошчы (абноўлена)


Тэлеканал «Белсат» прапаноўвае сваім гледачам зірнуць на цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі скрозь прызму мінулых гадоў. Дакладней, на еўрапейска-беларускія стасункі. У новай стужцы рэжысёра Леаніда Міндліна «Еўрапейскі баль» кадры канца 1990-х чаргуюцца з найноўшымі карцінкамі беларускай рэчаіснасці.

Міндлін назваў сваю новую працу дакументальнаю трагікамедыяй. А эпіграфам да стужкі абраў цытату з Ўільяма Шэкспіра: «Мінулае было пралогам». Так, новая генерацыя беларусаў, магчыма, і не памятае ўсіх нюансаў стасункаў Беларусі і Захаду. Міндлін жа, карыстаючыся сваім унікальным відэаархівам, стварае поўную карціну таго, з чаго пачыналася гульня Аляксандра Лукашэнкі з еўрапейцамі, і як апошнія зноў трапілі ў тую ж беларускую пастку.

Стужка пачынаецца кадрамі з так званага Еўрапейскага балю, зладжанага ў Менску напрыканцы года летась, – бутафорскага балю, як падкрэсліваецца ў фільме. Такі ж бутафорскі баль арганізавала і ўлада на знешнепалітычным кірунку. Але гэты баль скончыўся зусім не па-святочнаму – брутальным разгонам нязгодных з вынікамі выбараў і хваляю рэпрэсіяў. Еўрапейцы зноў аказаліся падманутымі абяцанкамі лібералізацыі ды нібыта ілюзіяй таго, што Беларусь адвярнулася ад «старэйшага расейскага брата».

Але ж ці было гэта сюрпрызам? Леанід Міндлін вяртае гледача ў красавік 1998 г. Першы дыпламатычны скандал у найноўшай гісторыі Беларусі – з паселішча Дразды высяляюць замежных амбасадараў, дзе яны жылі па суседстве з кіраўніком дзяржавы. І тлумачаць гэта небяспекаю прарыву каналізацыі. Камічная нагода, аднак, прыводзіць да сур’ёзных наступстваў: замежныя дыпламаты 22 чэрвеня дэманстратыўна з’язджаюць з Беларусі.

У фільме багата каментароў таго часу – саміх амбасадараў, сённяшняй аналітыкі ад вядучых палітыкаў Беларусі: Андрэй Саннікаў, Пётра Садоўскі, Станіслаў Шушкевіч… Вось поспехі маладой беларускай дыпламатыі: новыя амбасады ў Еўропе, візіт прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь, удзел у міжнародных канферэнцыях… А вось – блакада Драздоў, рэзкія і нахабныя заявы новага гаспадара Беларусі, рэферэндум 1996 г.

«2010-ты пачаўся з Еўрапейскага балю, хай бутафорскага, хай сваёй гадоўлі… І ўсё ж здавалася, што танга з Еўразвязам – гэта назаўжды…» – закадравы голас на фоне сустрэчы Лукашэнкі і Далі Грыбаўскайце. Але вось на экране з’яўляецца экзатычны Уга Чавэс – і ўжо не вядома, з кім Лукашэнка будзе таньчыць танга далей.

«Праз год амбасадары вярталіся – ціха, непрыкметна, без шампанскага і тэлекамераў», – зазначаецца ў стужцы. Магчыма, праз колькі гадоў які-небудзь «WikiLeaks» раскрые таямніцу гэтага ціхага вяртання. І мы даведаемся, што іх проста «кінулі». На думку Андрэя Саннікава, гэта была дэманстрацыя поўнай слабасці перад Лукашэнкам і сігнал яму, што можна працягваць самаўпраўства.

Збліжэнне праз змены. Лістапад 2010 г. быў кульмінацыяй надзеяў на дэмакратычныя змены ў Беларусі. Падчас візіту міністраў замежных справаў Нямеччыны і Польшчы Лукашэнка пацвердзіў намер развіваць стасункі з ЕЗ.

А потым былі выбары і Плошча, ноч без міласэрнасці. Еўрапейскі баль пачынаўся ў Вялікім тэатры, а завершыўся ў следчым ізалятары КДБ.

Фільм даступны для онлайн прагляду у раздзеле «Дакументальныя фільмы»

Прэм’ера дакументальнага фільму «Еўрапейскі баль» на тэлеканале «Белсат» 4 лютага, у пятніцу, а 21.40. Паўторы ў суботу а 11.20, панядзелак 7 лютага а 19.00 і ў аўторак 8 лютага а 8.40 і а 13.10

Відэанонс фільму

Стужка навінаў