«Целы ў мяхах» на лонданскім бруку. Акцыя супраць смяротнага пакарання ў Беларусі


У трох месцах англійскай сталіцы актывісты ініцыятывы «Free Belarus Now» зладзілі перформанс супраць смяротных выракаў у Беларусі ды грэблівага стаўлення да родзічаў пакараных, якім не выдаюць целаў расстраляных.



Да актывістаў далучыліся таксама прадстаўнікі «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін, Наталля Каляда і сястра былога палітвязня Андрэя Саннікава Ірына Багданава.

Акцыю падтрымаў таксама вядомы актор Джуд Ло, які ў відэазвароце напярэдадні заклікаў прыйсці на акцыю і далучыцца да яе.

{movie}Актор Джуд Ло ў відэазвароце заклікаў прыйсці на акцыю|right|11042{/movie}

Перформанс пад назваю «Give A Body Back!» («Аддайце цела назад!») выглядаў гэтак: актывісты залезлі ў белыя мяшкі ды ляжалі на ходніку каля паліцэйскіх аўтамабіляў. Іхная мэта – звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а ў прыватнасці на тое, што сямейнікі расстраляных не маюць права самі пахаваць нябожчыкаў ды не ведаюць, дзе іх хавае дзяржава. Камітэт правоў чалавека ААН у 1999 годзе назваў гэткага кшталту стаўленне да сваякоў расстраляных бесчалавечным абыходжаннем і катаваннямі.



У 2013 годзе Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, якая ўжывае смяротнае пакаранне. Летась у сакавіку расстралялі Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, асуджаных падчас паказальнага працэсу за арганізацыю выбуху ў менскім метро. У расследаванні гэтай справы па-ранейшаму застаецца шмат нявысветленага, а Любоў Кавалёва, маці аднаго з расстраляных, дагэтуль сумняецца ў вінаватасці свайго сына.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў