Хлопца хацелі сілком забраць у армію пасля прызыўной кампаніі. Журналісты не далі


Актывіст кампаніі “Гавары праўду!” на мінулым тыдні адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ, а сёння яго хацелі скіраваць у войска.

Раніцаю ў кватэру 23-гадовага Арцёма Свіршчыка завіталі людзі ў форме, якія забралі яго ў гарадскі ваенкамат на вуліцы Ангарскай у Менску. Хлопец здолеў звязацца са сваімі паплечнікамі з “Гавары праўду!” і паведаміць, што для яго экстрэнна выклікаюць аўтамабіль з Барысава, якая мае завезці яго ў вайсковую частку.

Паплечнік хлопца ў грамадскай дзейнасці Міхась Пашкевіч распавёў “Белсату”, што Арцёма на мінулым тыдні спрабаваў завербаваць КДБ: “Незнаёмец у цывільным падышоў у ваенкамаце і прапанаваў, што Арцём не пойдзе ў войска, калі будзе даносіць, але хлопец адмовіўся”. Арцём не быў прыхільнікам прымусовага войска, удзельнічаў у кампаніі “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу”.

Маладзёна заднім чыслом спрабавалі аформіць у войска. Дакументаў, паводле якіх яго прызываюць, яму не паказвалі – маўляў, яны толькі для службовага карыстання.

“Уся гэтая сітуацыя вельмі нагадвае сцэнар нашумелага фільму “Жыве Беларусь”, – падзяліўся спадар Пашкевіч.

Стала вядома, што цяпер Арцёма адпусцілі дзякуючы журналісцкай “асадзе” ваенкамату праз тэлефон. Аднак заўтра, у пятніцу, хлопца зноў выклікаюць на падставе позвы. Пакуль Арцём вырашае свае справы, бо невядома, ці заўтра яго адпусцяць.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў