На лірычныя радкі карэспандэнта «Белсату» паўстала песня



«Мяне натхніла каханне да незвычайнай жанчыны. Хацелася б, каб яна паслухала гэтую песню», – прызнаўся журналіст Алесь Сіліч.

Імя Алеся Сіліча ведае кожны аматар «Белсату», а ягоныя матэрыялы для праграмаў «Аб’ектыў» і «ПраСвет» – адныя з самых папулярных сярод гледачоў. Пра сябе журналіст кажа, што жыве «паміж небам і зямлёю», бо палову месяца працуе ў Беларусі, а на наступныя два тыдні вылятае ў замежжа. Дзякуючы Алесю Сілічу, гледачы «Белсату» змаглі «перанесціся», да прыкладу, у Бельгію, Нідэрланды, Англію, Нарвегію, Аўстрыю, Славаччыну, Нямеччыну, Францыю і Швецыю. Летась журналіст пабываў у ЗША, адкуль падрыхтаваў 15 эксклюзіўных сюжэтаў і 5 інтэрв’ю.
{movie}Песня “Душа-пустэча” (словы: Алесь Сіліч; музыка: Алег Мінакоў)|right|11026{/movie}
«Галоўная каштоўнасць «Белсату» – гэта тое, што ён – адзіны незалежны тэлеканал. На іншым я б і не працаваў… Бо журналістыка можа называць сабе журналістыкаю, толькі калі яна выконвае сваю функцыю чацвёртай улады», – лічыць белсатавец.

Паводле Алеся, журналісцкі матэрыял, пра што б ён ні быў – ці пра ферму ў глухой беларускай вёсцы ці пра Бродўэй у Нью-Ёрку – заўсёды мусіць быць цікавы. «Людзі не глядзяць тэлебачанне, каб убачыць там нешта звычайнае, яны шукаюць незвычайнае. Мы мусім іх адрываць ад іншых справаў і «прымушаць» бегчы да тэлевізара».

Асноўным сваім захапленнем Алесь называе працу і лічыць, што мужчына – «гэта перадусім тое, што ён робіць». Апроч працы і падарожжаў, журналіст у вольную хвіліну піша вершы. Паэтычныя радкі на расейскай мове, прызнаўся карэспандэнт, пачаў складаць яшчэ ў студэнцкія гады. Пазней, аднак, жыццёвыя клопаты змусілі яго адкласці пяро, і ў паэтычнай творчасці наступіў даволі працяглы перапынак.

Два гады таму Алесь пачаў складаць вершы па-беларуску і, як падкрэслівае, вяртацца да расейскай мовы ўжо не хоча і не змог бы. Верш, на які пазней напісалі песню «Душа-Пустэча», паўстаў у віленскім аэрапорце падчас чакання рэйсу ў Хельсінкі. «Я сядзеў і пісаў на каленях ў зале чакання. Пісаць было нялёгка, бо слёзы каціліся з вачэй градам і залівалі літары. Паперка была ўся ў плямах ад слёзаў, потым было няпроста разабраць, калі набіраў тэкст на камп’ютары, – успомніў журналіст. – Я быў тады моцна закаханы, але тыя пачуцці ўсцяж жывыя».

Верш, прысвечаны каханай жанчыне, карэспандэнт паказаў свайму сябру Алегу Мінакову, былому лідару гурта «Рублёвая Зона», і папрасіў яго напісаць на верш музыку. Той згадзіўся, але настойваў, што «музыка сама мусіць нарадзіцца ў ягонай душы». Прыкладна праз год музыка даслаў белсатаўцу паведамленне пра тое, што песня гатовая. Спадар Мінакоў не толькі прыдумаў мелодыю ды аранжыроўку, але і сам выканаў яе, запісаўшы ў студыі.

Алесь расказаў, што «Душа-Пустэча» сталася фактычна першаю кампазіцыяй на ягоныя словы. «Вельмі б хацелася спадзявацца, што першы блін не выйшаў комам…» Сваю песню Алесь прысвяціў каханай жанчыне, якая і сталася музаю тых радкоў 2 гады таму. Сам аўтар тэксту называе кампазіцыю песняю-болем: «Жыццё не мае сэнсу без кахання. І калі кахання няма ці калі яно загінула, то гэта проста часовы перыяд у жыцці чалавека, які трэба выкарыстаць для самаразвіцця…»

Кожны боль і смутак, перакананы Алесь, чалавек мусіць перажыць, асэнсаваць і зрабіць працу над памылкамі, каб рухацца далей па жыцці.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары