Хто паставіў у Курапатах камяні з ахоўнымі надпісамі? Пакуль толькі здагадкі (Фота)


Пяць камянёў з выяваю ахоўнай шыльды з’явіліся на тэрыторыі мемарыялу ахвярам палітычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты.



Пакуль невядома дакладна, хто выступіў ініцыятарам ўстаноўкі гэтых знакаў. Паводле актывісткі кампаніі «За захаванне мемарыялу Курапаты» Ганны Шапуцькі, камяні паставілі такім чынам, што тыя фактычна па перыметры апярэзваюць месца пахаванняў, тым самым абрамляючы тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці.

З ахоўных надпісаў вынікае, што гэтая тэрыторыя – «Гісторыка-культурная каштоўнасць “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», а таксама пададзены перыяд 1930–1940-х гадоў. Ахоўныя дошкі папярэджваюць пра адказнасць перад законам за нанясенне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Начальнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі выказаў здагадку, што, верагодна, камяні з ахоўнымі надпісамі з’явіліся ва ўрочышчы Курапаты з ініцыятывы навуковага кіраўніка курапацкага мемарыялу Маі Кляшторнай, дачкі рэпрэсаванага беларускага паэта Тодара Кляшторнага.

«Яна знайшла нейкага чалавека, які працуе з каменем, і яны мусілі зрабіць камяні з выбітымі ахоўнымі дошкамі, я сам параіў гэта зрабіць. Планавалася ўсталяваць чатыры камяні па вуглах тэрыторыі пэўнага ўчастку і адзін – на ўваходзе», – адзначыў начальнік упраўлення Мінкультуры, дадаўшы, што сам ён новых камянёў пакуль не бачыў.

Паводле Чарняўскага, калі на тэрыторыі Курапатаў усталявалі ахоўныя шыльды зацверджанага міністэрствам ўзору, то ўзгаднення з Мінкультуры не патрабуецца.

Кіраўнік савету менскага аддзялення міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі адзначыў, што ўстаноўка ахоўных камянёў – гэта выдатная ініцыятыва. «Яны пасуюць да месца, выдатна зробленыя камяні ды надпісы. Усё выканалі кідка, з густам і на карысць Курапатам», – патлумачыў дзеяч.

МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў