План на 2013 год: або дэвальвацыя, або прыватызацыя рэшткаў «фамільнага срэбра»


Зарад эканамічнага негатыву ад экспертаў Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР) і незалежнага эканаміста Аляксандра Сінкевіча. Другая палова года будзе вельмі няпростаю.

Інфляцыя ў два разы вышэйшая за запланаваную? Цалкам рэальна

ЕАБР, што кіруе сродкамі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, які шчодра адорваў Беларусь крэдытамі ў 2011–2013 гадах, б’е трывогу – інфляцыя сёлета можа вырасці больш, чымся ў два разы і складзе нават 30 % пры запланаваных 12 %.

Прычыны відавочныя: сканчэнне лёгкіх грошай на схеме разбаўляльнікаў, вялізарныя выплаты вонкавых крэдытам – каля $ 3 млрд, забітыя нераспроданай прадукцыяй склады на прадпрыемствах і няспынны рост заробкаў, пры непадмацаванні рэальнымі вынікамі.

Адмыслоўцы ЕАБР раяць абмежаваць крэдытаванне недаходных прадпрыемстваў, знізіць тэмпы росту пустога заробку ды ўвогуле правесці рэформы і паменш умешвацца ў кіраванне эканомікаю. Гэткія парады Менск чуе ўжо не першы год, аднак зрэдку да іх прыслухоўваецца. Тым часам эканаміст Аляксандр Сінкевіч кажа, што найгоршае толькі наперадзе і інфляцыя можа скласці нават болей за 30 %.

Палітыка перад эканомікаю

На другую палову года прыпадаюць самыя вялікія адсоткі выплатаў вонкавых крэдытаў, заробкі ўцякуць ад рэальнага вырабатку яшчэ далей, а склады наўрад ці разгрузяцца – пакуль ахвотных купляць беларускую прадукцыю цяжка знайсці нават у Расеі.

«Натуральна, што заробкі змяншацца не будуць – набліжаюцца выбары, таму, хутчэй за ўсё, будуць працягваць друкаваць пустыя грошы. Цалкам верагодна, што будзе праведзеная кропкавая прыватызацыя на карысць расейскага капіталу – ці то «Беларуськалію», ці нафтапераапрацоўчых прадпрыемстваў. Гэта дазволіць перажыць цяжкі перыяд, але праблемы не вырашыць», – зазначае Аляксандр Сінкевіч.

Што датычыць забітых складоў, то адмысловец мяркуе, што, калі сітуацыя не зменіцца, заводы могуць перайсці на няпоўны працоўны дзень, аднак ізноў жа – хутка выбары, трэба ж яшчэ і паабяцаць штосьці электарату.

Паводле Аляксандра Сінкевіча, магчымы таксама варыянт паступовай дэвальвацыі, як гэта было ў 2009 годзе. Аднак усе гэтыя варыянты зусім не на карысць дзейнай уладзе – хутчэй за ўсё, прададуць яшчэ адно са нешматлікіх прыбытковых беларускіх прадпрыемстваў.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў