Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў “Белсату” стаў сябрам Рады БНР


З Аляксеем Дзікавіцкім, які стаўся адным з самых маладых сябраў Рады, пра новыя абавязкі ды планы на бліжэйшую будучыню размаўляла паэтка, літаратарка і вядоўца “Белсату” Валярына Кустава.

Валярына Кустава:Спадар Аляксей, перадусім віншую Вас з гэткім гонарам – стаць сябрам Рады БНР, такое выпадае далёка не кожнаму беларусу.

Аляксей Дзікавіцкі: – Дзякуй! Гэта сапраўды вялікі гонар. Калі 30 гадоў таму я даглядаў карову ды дзедавага каня ў вёсцы пад Пінскам, а 20 таму – граў хард-рок у пінскім гурце, пра такое і не марылася.

В. К.: – Будзем шчырымі, частка беларусаў лічыць Раду БНР фікцыйнай арганізацыяй.

А. Д.: – Натуральна, Рада не мае ані войска, ані гмахаў міністэрстваў, але гэта не азначае, што гаворка ідзе пра незразумелую ці тым больш «фікцыйную» структуру. Рада – самы стары ў свеце «ўрад у выгнанні», а такая практыка ў Еўропе не новая. Але калі, прыкладам, польскі ўрад у выгнанні перадаў свае паўнамоцтвы дэмакратычна абранаму ўраду Польшчы ў 1990-х, то ў нас перадаваць іх пакуль няма каму. Сэнс працы і Рады, і ўсяе дэмакратычнае грамады ў тым, каб дзень такой перадачы настаў.

В. К.: – У чым сутнасць Вашых новых абавязкаў?

А. Д.: – Пра дэталі пакуль рана гаварыць. Аднак жа тое, што мне даводзіцца рабіць амаль штодзённа – сустрэчы з замежнымі журналістамі, палітыкамі, у часе якіх я тлумачу сітуацыю ў Беларусі, набудзе цяпер крыху іншае вымярэнне.

В. К.: – Што ў межах новага статусу Вы плануеце зрабіць – як бы тое пафасна ні гучала – для беларусаў?

А. Д.: – Перадусім я буду працягваць як мага лепей выконваць сваю працу – кіраўніка рэдакцыі інфармацыйных праграм «Белсату». Нас штодзённа глядзяць сотні тысячаў беларусаў, і гэта вялізная адказнасць, бо я перакананы, што сапраўдныя грунтоўныя перамены ў краіне магчымыя як вынік асэнсавання нашымі суграмадзянамі таго, што адбываецца ды свядомага выбару шляху зменаў.

В. К.: – Можна сказаць, што Вы цяпер афіцыйна грамадзянін БНР?

Вытрымка са Статуту Рады БНР:

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) — найвышэйшая ўстанова і адзінае праўнае прадстаўніцтва сувэрэнных правоў беларускага народу‚ выяўленых у праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г.‚ зафіксаваным Трэцяй Устаўной Граматай БНР. Рада БНР выконвае функцыі дзяржаўнага заканадаўчага органу і ўраду ў выгнанні.

Рада БНР складаецца з не больш як з 80 радных. Кандыдатаў прапануюць пісьмова беларускія палітычныя і грамадзкія арганізацыі‚ верныя Акту 25 Сакавіка‚ а таксама і незарганізаваныя групы беларусаў-незалежнікаў.

Усіх сяброў Рады БНР забавязвае поўная таямніца ў справах адмысловай засцярогі. За здраду гэткай тайніцы нясецца адказнасць як за здраду дзяржаўнай таямніцы перад Судом Рады БНР.

А. Д.: – А я і дагэтуль ім быў! Вось зусім нядаўна атрымаў яшчэ ад адной грамадзянкі БНР у падарунак шыкоўную вокладку з «Пагоняю», дык прыкрыў нарэшце «капусту» на сваім пашпарце.

В. К.: – Вы ўвесь час па-за межамі Беларусі. Не думалі, што было б лягчэй змяніць пашпарт?

А. Д.: – Я – грамадзянін Беларусі, хаця даўно мог бы ўжо звярнуцца па польскае грамадзянства. Нават сталага побыту не маю – усё працягваю часовы. Гэта зусім не практычна і нават, я сказаў бы, дзіўнавата шмат для каго, але маю такое адчуванне, што хутка змагу вярнуцца. Дый часу не было на паперы гэтыя ніколі – усё праца ды праца.

В. К.: – То бок, Вы плануеце вярнуцца ў Беларусь?

А. Д.: – Чамадан–вакзал–начны цягнік у Менск – і ўжо раніцаю можна пачынаць працу там.

В. К.: – А ёсць куды вяртацца?

А. Д.: – Гэта вечная дылема эмігрантаў… Калі спатрэблюся новай Беларусі – а спадзяюся, што так і будзе, – то ўсім сваім досведам працы на сучасным тэлебачанні, кантактамі ды знаёмствамі з прадстаўнікамі еўрапейскіх палітычных элітаў, гатовы служыць сваёй краіне.

В. К.: – Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы нядаўна ўвайшла ў склад кіроўнага камітэту журналісцкага звязу Еўропы. Прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Міхась Янчук стаўся сябрам фінансавай камісіі гэтай прэстыжнай міжнароднай арганізацыі. Цяпер Вас, кіраўніка рэдакцыі інфармацыйных праграмаў, прымаюць у Раду БНР…

А. Д.: – «Белсат» сапраўды становіцца ўсё больш распазнавальнаю маркаю не толькі ў Беларусі, але і ў еўрапейскіх структурах, сярод уплывовых палітыкаў. Думаю, што мой сціплы унёсак у развіццё нашага тэлеканалу, мог быць адным з аргументаў на карысць таго, каб запрапанаваць мне сяброўства ў Радзе.

Валярына Кустава, адмыслова для belsat.eu

Стужка навінаў