Мы вельмі занепакоеныя стандартамі бяспекі Астравецкай АЭС


Яраслаў Невяровіч на сустрэчы з журналістамі падкрэсліў, што стаўленне Вільні да будаўніцтва АЭС у Астраўцы не змянілася.

«Для нас вельмі істотныя пытанні бяспекі хоць бы таму, што аб’ект, пра які вы кажаце, будуецца за 50 кіламетраў ад месца, дзе мы жывем. Таму гэта надзвычай істотна, і Літва будзе паўсюль, дзе толькі можна, у тым ліку і ў двухбаковых перамовах, уздымаць пытанне бяспекі ды стандартаў у часе рэалізацыі гэтага праекту», – зазначыў палітык.

«Наша мэта – запэўніць найбольш высокія стандарты згодна з міжнародным заканадаўствам, асабліва калі гаворка пра атамную энергетыку. На сённяшні дзень, як мы бачым, гэтыя стандарты [Беларуссю – Белсат] не выконваюцца, і гэта нас моцна непакоіць», – заявіў міністр у адказ на пытанне, ці гэта значыць, што Літва будзе спрабаваць развязаць праблемы бяспекі ў пэўным сэнсе постфактум, бо Беларусь належным чынам не кансультавалася ў справе будаўніцтва АЭС з суседзямі.

У 2015 годзе, паводле спадара міністра, Літва «мае стаць краінаю, у якой – найбольш энергетычных злучэнняў», гэта значыць – магчымасцяў атрымліваць энергію з усходу, захаду, а таксама скандынаўскіх краінаў. Пры гэтым Вільня інтэнсіўна працуе над стварэннем уласнай вытворчасці электраэнергіі, якая б была таннейшаю за тую, што паўстае цяпер у выніку спальвання газу.

На сённяшні дзень Літва імпартуе 60 % энергіі.

А.Д., belsat.eu

Стужка навінаў