Дактары супраць вытворцаў алкаголю. Хто пераможа?


Здароўе насельніцтва і бяспека – важнейшыя за інтарэсы вытворцаў і прадаўцоў алкаголю, – дэкларуе Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў для перадухілення і пераадолення п’янства і алкагалізму на 2011–2015 гады.

Паводле галоўнага нарколага Беларусі Аляксея Аляксандрава, дакумент упершыню дае азначэнне алкагольнага напою – гэта ўсе вадкасці з утрыманнем алкаголю, якія выклікаюць ап’яненне, а пры злоўжыванні спрыяюць развіццю алкагалізму.

“Яшчэ адным адметным момантам праграмы, – адзначыў галоўны нарколаг, – стала тое, што яе складальнікі адышлі ад стратэгіі абмежавання прапановаў”. Ён патлумачыў, што на любое спажыванне можна ўплываць праз дзве стратэгіі – скарачаць прапанову і скарачаць попыт. “Што да скарачэння прапановы, – кажа Аляксандраў, – то гэта непапулярныя захады, якія рэалізоўвалі ў Савецкім Саюзе, а цяпер праводзяць у Расеі, яны звязаныя са зніжэннем вытворчасці, памяншэннем колькасці гандлёвых пунктаў. Не менш эфектыўная стратэгія зніжэння попыту – напрыклад, павышэнне цэнаў на алкаголь”.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя краіны, у 2009 годзе асобы ў стане алкагольнага ап’янення ўчынілі 30 539 злачынстваў, 237 394 чалавек прыцягнулі да адказнасці за распіванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах або за з’яўленне там нападпітку. Аляксандраў паведаміў, што з 2006 да 2009 года ад выпадковага алкагольнага атручвання загінулі каля 10,5 тысячаў жыхароў Беларусі.

Кіраўнік Цэнтру маніторынгу наркалагічнай сітуацыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя Сяргей Восіпчык падкрэсліў, што інвестыцыі ў сацыяльную сферу не менш, а часам і больш рэнтабельныя, чымся падтрыманне вытворчых праектаў.

belsat.eu
https://youtu.be/VgFZDloy0Cw

Глядзі таксама
Каментары