Лукашэнка патрабуе новых узбраенняў ад Расеі. «Як раўнапраўны партнёр»


На паседжанні Савету міністраў абароны дзяржаваў СНД кіраўнік Беларусі падзяліўся бачаннем раўнапраўнага партнёрства і заявіў пра стварэнне “адзінага войска”. Паспрабуем разабрацца, што патрэбна Менску і чым насамрэч ёсць гэтае “войска”.

Патрабуем «па-партнёрску, па-братэрску»

Пасля таго, як расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу паінфармаваў Лукашэнку, як старшыню Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД, пра развіццё шматбаковай вайсковай супрацы, ягоны беларускі калега Юрый Жадобін нагадаў пра патрэбы Менску.

“Асаблівую ўвагу трэба надаць узмацненню і паляпшэнню супольных сістэмаў вайсковага прызначэння – у тым ліку сістэмаў СПА”, – намякнуў беларускі міністр.

Лукашэнка ж ужо казаў наўпрост: “Нават калі ў вас чагосьці не хапае і штосьці не атрымліваецца, а вы ведаеце, што і ў Расеі ёсць праблемы, але мы заўсёды патрабуем, каб Расея звяртала ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы просім і патрабуем ад іх паставак новага ўзбраення – менавіта такіх, якія існуюць у арміі Расеі. Я кажу “патрабуем”, бо гэта даем нам права, як раўнапраўнаму партнёру з нашымі братамі-расейцамі дзеяць у адным ключы”.

Разадзіночанае адзінае войска

“Адзінае войска”, пра якое кажа Лукашэнка, – гэта рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі ды Расеі, што існуе ўжо каля дзесяці гадоў. Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін звяртае ўвагу на тое, што кіраўнік Беларусі, як заўсёды, лёгка гіпербалізуе.

“Гэта ўсяго толькі групоўка сухапутных сілаў. Называць яе адзіным войскам – гэта тое ж самае, што казаць гэтак пра войскі НАТО, якія выконваюць місіі ў Афганістане, – кажа ён і дадае: – Самае цікавае ў гэтым утварэнні – тое, што невядома, хто ім кіруе”.

У войска, якое са словаў лідара Беларусі “нічога не баіцца”, дагэтуль няма адзінага кіраўніцтва. На вучэннях вядома: беларускімі часткамі камандуюць беларускія афіцэры, расейскімі – расейскія.

“То бок, калі ў паветраную прастору Беларусі ўвойдзе чужы самалёт і, напрыклад, беларускі бок вырашыць збіць яго, але расейскія афіцэры будуць супраць, то да канца не вядома, што будзе адбывацца ў гэткай сітуацыі”, – кажа Алесін.

Ці атрымае Беларусь расейскае ўзбраенне, залежыць ад… НАТО

Авіябаза самалётаў-знішчальнікаў, што мае з’явіцца ў нашай краіне, мае недахоп – яна расейская.

“Лукашэнка ж хоча атрымаць зброю ва ўласнасць – і найлепш бясплатна. Усё насамрэч залежыць ад дзеянняў НАТО. Расея пакуль не выказвае жадання раздаваць Менску зброі, аднак калі на Польшчу пашырыцца сістэма супрацьракетнай абароны, а там і так хутка мае з’явіцца амерыканская авіябаза, то цалкам магчыма, што Масква падтрымае саюзніка”, – кажа Алесін.

Пакуль жа кіраўніку Беларусі застаецца патрабаваць – ды згадваць пра расейска-беларускае братэрства.

У. Ш., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары