«1000 і 1 коўшык»: вядоўца «Белсату» і кулінарныя таямніцы


«Ківі-кекс, які ўпаў у рондаль з шакаладам», «Святочны паштэт маёй свякрові» ды традыцыйны беларускі халаднік. Вядоўца і журналістка «Белсату» Аліна Коўшык у сваім кулінарным блогу «1001 і 1 коўшык» піша, што гатаванне – гэта адпачынак, асалода ды спосаб пазнаваць свет і каханне.



– Гэты блог – патрэба сэрца. Для мяне важна было штосьці зрабіць, што будзе толькі маё. Гэта мая «кулінарная кніжка» з рэцэптамі страваў, якія я раблю штодзень для маёй сям’і. Гэты блог не мае камерцыйных або піараўскіх мэтаў. Проста час ад часу мае сяброўкі пытаюць: а як ты гэта прыгатавала? Цяпер не трэба нікому пісаць і-мэйлы ці асобна распавядаць. Калі ласка, заходзьце і глядзіце.



– Раскрываеш таямніцы сямейнай кухні?



– Гэта збор майго кулінарнага досведу – тое, што я ведала даўно, а таксама і нешта новае, тое, што я «прывожу» з падарожжаў, тое, што я у кагосьці пакаштавала. Гэтыя рэцэпты я вельмі часта мадыфікую «пад сябе». Каб яны былі перадусім дыетычныя, смачныя і каб іх лёгка было прыгатаваць.



– А вось традыцыйная беларуская кухня не заўсёды дыетычная – там і кавалачак сала прыдасца…



– Дык часам і трэба з’есці кавалачак сала. Але на штодзень я аддаю перавагу салатам. А вось беларускі халаднік – вельмі дыетычны, асабліва калі замест смятаны ў яго дадаць кефір або ёгурт.



– Праца журналіста і вядоўцы на «Белсаце» забірае нямала сілаў. Пасля таго ж трохгадзіннага інфармацыйна-публіцыстычнага блоку ў жывым эфіры – стаяць на кухні, а потым – пісаць у кулінарны блог… Як гэта магчыма?



– Насамрэч, гэта вельмі проста. Я не раблю нейкіх адмысловых рэчаў, гэта тое, што я гатую для свайго мужа і сына штодня. А ў працэсе проста робіш здымак і пішаш рэцэпт.



– А што ты прывезла са сваіх апошніх вандровак?



– Апошнім разам я была ў Бруселі, і гэта адлюстраванае ў блогу: у Бельгіі мы каштавалі мідзіі, а таксама трускаўкі ў шакаладзе. Мідзіі падаюцца проста ў рондлях, а да гэтага – выдатнае бельгійскае піва. Але падыдзе і беларускае.



– Са свежымі незамарожанымі мідзіямі ў Беларусі цяжэй…



– Згодная, і такі рэцэпт – хутчэй выключэнне. Бо ў сваім блогу я стараюся даваць такія рэцэпты, каб складнікі былі даступныя. У часы, калі толькі набіралі папулярнасць кулінарныя праграмы, вельмі раздражняла, калі казалі: а цяпер дадайце да стравы троху аншуа! Дзе ўзяць такія прысмакі? Цяпер, вядома, у крамах большая разнастайнасць, але буду прытрымлівацца таго, каб рэцэпты былі збольшага з даступных прадуктаў.



– Шмат рэсурсаў з рэцэптамі на любы густ, але па-беларуску я пакуль не сустракаў.



– Я таксама. Ёсць суполкі ў сацыяльных сетках, што папулярызуюць беларускую мову – там часам можна знайсці і рэцэпты. Я прынцыпова вяду свой блог па-беларуску, хоць, шчыра кажучы, некаторыя кулінарныя тэрміны былі для мяне адкрыццём. У гэтай справе мяне кансультуе мовазнаўца Настасся Мацяш. Не будзем хаваць, што мы выхоўваліся збольшага па-расейску і кухня па-беларуску – гэта нешта новае.



– Адразу ўзгадваецца «Книга о вкусной и здоровой пище» ды бабулін сшытак з рэцэптамі. У тваім дзяцінстве быў такі сшытак?



– Вядома ж. Такі шыкоўны з плямкамі-кропачкамі. У мяне самой таксама быў такі сшытак. Напэўна, калісьці дойдзе чарга і да тых рэцэптаў.



Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu
Стужка навінаў