Ідэя канфіскоўваць жытло і аўтамабілі можа быць пагрозаю для Лукашэнкі?


Пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско прапанаваў забіраць маёмасць у людзей, якія не могуць патлумачыць, за якія сродкі яе набылі.

Пра такую арыгінальную прапанову віцебскага пракурора паведаміла інтэрнэт-выданне “Ежедневник”. Гэтую заяву Генадзь Дыско зрабіў на паседжаннні “круглага стала” ў пракуратуры Віцебскай вобласці, дзе шукалі шляхі развязання пытання карупцыі. На паседжанні паведамілі, што карупцыя з кожным годам расце.

Дзеля барацьбы з гэтаю з’яваю Генадзь Дыско і выказаў ідэю ўзмацніць антыкарупцыйнае заканадаўства ды прапаноўвае забіраць маёмасць.

Аналітыкі адразу ж назвалі прапанову віцебскага пракурора вяртаннем да раскулачвання 20-х гадоў мінулага стагоддзя. У гэтай прапанове ўгледзелі і парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. То бок не чалавек мусіць сам апраўдвацца, а следчыя мусяць даказваць, што ён набыў хату або аўтамабіль з парушэннем заканадаўства.

Юрыст, праваабаронца Раман Кісляк назваў ідэю спадара Дыско абсурднаю: “Я не бачу магчымасці юрыдычна гэта ажыццявіць, хаця ў нашай краіне ўсё можа быць… Забіраць нешта можна на падставе судовага выраку або пастановы. Таму, я думаю, што гэта проста такая піяр-заява з тым, каб падтрымаць ідэю барацьбы з карупцыяй і ўхілення ад сплаты падаткаў”.

Спадар Кісляк кажа, што часткова ідэя віцебскага пракурора рэалізуецца, калі падатковая інспекцыя, вымяраючы выдаткі і прыбыткі выстаўляе прэтэнзіі. У чалавека могуць забіраць маёмасць на суму нясплачаных падаткаў.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю “Белсату” выказаў меркаванне, што “віцебскі пракурор замахнуўся на “святое” – маёмасць чынавенства”. Палітык жартуе, што “пасля такой заявы віцебскага пракурора галоўная праблема ўлады Беларусі – гэта не апазіцыя, а пракурорскія работнікі”.

Калі дайсці да “царскіх сёлаў” побач з Менскам, абласнымі гарадамі, то хто там уладальнікі? Чыноўнікі ды іх сямейнікі. Хто раз’язджае на абсалютна шыкоўных іншамарках? Ізноў жа, чыноўнікі. Таму гэта рэвалюцыйная заява. Заява, пасля якой можа адбыцца рэвалюцыя ў Беларусі… Пагроза можа зыходзіць асабіста для Лукашэнкі, яго найбліжэйшага атачэння. Другі бок медаля ў тым, што калі б усё было так проста, і такім чынам можна было б развязаць пытанне, то і іншыя краіны ўзялі б на ўзбраенне гэтую прапанову”, – дадаў палітык.

Анатоль Лябедзька кажа, што Беларусь – карумпаваная краіна і гэтая з’ява звязаная ў першую чаргу з тым, што “занадта шмат дзяржавы, занадта шмат паўнамоцтваў, улады і магчымасцяў для карупцыі”. Палітык лічыць, што нават ажыццявіўшы прапанову віцебскага пракурора, праблема карупцыі ў Беларусі не развяжацца.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў