Як Лукашэнка натхніў расейскага мастака


У берасцейскім Мастацкім музеі працягваецца персанальная выстава вядомага расейскага мастака Нікаса Сафронава. З 76-ці карцінаў, аднак, найбольшы ажыятаж у публікі выклікаў сціплы паводле памераў “Партрэт Лукашэнкі ў касцюме часоў Францыска Скарыны”. Сафронаў прызнаўся, што даўно марыць намаляваць класічны партрэт кіраўніка Беларусі, а таксама падзяліўся сакрэтам майстэрства.

НІКАС САФРОНАЎ, МАСТАК:

“Я сядаю як рамеснік, а завяршаю як мастак. Таму што трэба зрабіць працу. Ты не чакаеш, калі да цябе прыйдзе гэтае натхненне: яно ідзе ў працэсе”.

{movie}Павесілі ды знялі|right|11025{/movie}

Натхняе ж Аляксандр Лукашэнка самых розных творцаў – як у сябе на радзіме, гэтак і далёка па-за яе межамі.

АЛЕСЬ МАРАЧКІН, МАСТАК:

“У Літве ў нейкім невялікім гарадку скульптар зрабіў Лукашэнку як хакеіста – гэткую гумарыстычную скульптуру. Гэты ж мастак затым, здаецца, у Славаччыне на 11-метровай сцяне намаляваў – пры гэтым матэрыялам быў, кажуць, сыр, тварог і г. д. Дык вароны дзяўблі потым гэты партрэт”.

Заснавальнік творчай суполкі “Пагоня”, які і сам увекавечваў у сваіх творах Лукашэнку, лічыць, што межаў і забароненых тэмаў ці вобразаў у мастацтве няма. Галоўнае ж – кантэкст, ідэя і мэта твору.

АЛЕСЬ МАРАЧКІН, МАСТАК:

“А чаму б не намаляваць у фрэнчы Адольфа Гітлера і ўнізе надпіс напісаць ягоныя словы: “Не всё только плохое было у Адольфа!”?”

Зрэшты, настаўнік гісторыі паводле першай адукацыі, Аляксандр Лукашэнка вядомы выказваннямі не толькі пра “нямецкі парадак”.

Д/Ф «ХРОСНЫ БАЦЬКА»

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА,

КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:


“Чаго нам саромецца? Ну мы жылі ў той дзяржаве! І Скарына быў не толькі беларус: ён жыў і ў Піцеры ды ствараў там. Гэта наш Скарына! – расейцы з гонарам пра яго гавораць!”

Выстава ў памяшканнях Берасцейскай крэпасці працягнецца да 14 ліпеня. Аднак “аскарыненага” Лукашэнкі наведнікі ўжо не пабачаць. І прычына зусім не ў тым, што згаданы кіраўніком краіны Пецярбург быў закладзены толькі праз паўтара стагоддзя пасля смерці беларускага першадрукара.

ВАСІЛЬ ГУЛЯЕЎ, ЗАГАДЧЫК МУЗЕЮ:

“Нікас Сафронаў пастанавіў падарыць сваю працу прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Сёння ехаў наш губернатар у Менск, і ён пагадзіўся перадаць гэты партрэт у падарунак Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку”.

Пасля берасцейцаў працы Сафронава змогуць пабачыць і жыхары іншых буйных гарадоў краіны. Вось толькі ці змогуць беларусы знайсці хоць штосьці супольнае паміж першадрукаром і першым прэзідэнтам без падказкі мастака?

ЖЫХАРЫ БЕРАСЦЯ:

“Абодва беларусы, урэшце!”

“Скарына і Лукашэнка? Не ведаю”.

“Я з Расеі, прашу прабачэння”. – “Ведаеце, хто такі Скарына?” – “Не. Што гэта такое?”

“Не, нічога няма. Ну, акрамя вусоў, мабыць…”

Ну, а цяпер і “касцюма”.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў