Прадстаўнік Беларусі ў ААН: Прапановы спавяшчальніка аб нашай краіне - рамантычныя


“Правы чалавека ў Беларусі абмежаваныя – на свабоду асацыяцыяў, сходаў і выказванняў, следства і суда. Вяршэнства закону адсутнічае. Палітычныя закладнікі застаюцца ў турмах. Дзее механізм смяротнага пакарання”… У Радзе Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Жэневе адбылося абмеркаванне ужо другой справаздачы аб Беларусі спавяшчальніка ААН Міклаша Харасці.

{movie}Беларусь падзяліла ААН |right|11024{/movie}

МІКЛАШ ХАРАСЦІ, СПАВЯШЧАЛЬНІК ААН АБ БЕЛАРУСІ:

“Структурны характар носіць той факт, што пералічаныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі застаюцца без належнай увагі з боку ўлады. Гэта абумоўлена цэнтралізацыяй заканадаўчай ды выканаўчай улады вакол апарату прэзідэнта”.

Без належнае ўвагі – у прыватнасці, без візы – афіцыйны Менск пакінуў і самога Міклаша Харасці, дэлегаванага ААН у Беларусь па маніторынг сітуацыі з правамі чалавека. На сённяшняй сесіі арганізацыі прадстаўнік беларускае дзяржавы патлумачыў, чаму.

МІХАІЛ ХВАСТОЎ, ПРАДСТАЎНІК БЕЛАРУСІ Ў ААН:

“Мы не можам прыняць рамантычныя прапановы спавяшчальніка аб нашай краіне пра органы дзяржаўнай улады і кіравання, адкідваем меркаванні ды ацэнкі, якія ўтрымлівае ягоная справаздача, і заяўляем, што гэтая справаздача для нас непрымальная”.

Гэтаю заяваю распачаўся канфлікт меркаванняў пра палітычную сітуацыю ў Беларусі. За афіцыйны Менск адзін за адным уступаліся дэлегаты краінаў, ад якіх дэмакратычны свет таксама часта патрабуе выканання правоў чалавека. Гэта Сірыя, Іран, Палестына, Куба, Венесуэла, Кітай, Паўночная Карэя і, прадказальна, тыя постсавецкія краіны, якія цяпер з Беларуссю імкнуцца да стварэння Еўразійскага Саюзу.

ВІТАЛЬ ЧУРКІН, ПРАДСТАЎНІК РАСЕІ Ў ААН:

“Справаздача ўяўляе з сябе вядомы набор прэтэнзіяў да Беларусі. У гэтым ключы нельга казаць пра незалежнасць і неўпярэджанасць спавяшчальніка ў выкладанні фактаў справаздачы. Нам незразумелыя тыя ноткі, якія падаюць сітуацыю, як асабліва небяспечную”.

Асноўным аргументам абаронцаў палітыкі Лукашэнкі быў факт, што ў Радзе ААН сітуацыю Беларусі разглядалі, як неадкладнае пільнае пытанне – адразу пасля дыскусіі пра Сірыю. Пільна, бо ўсцяж няма зменаў – гучала ад празаходніх выступоўцаў:

СЬЮЗАН РАЙС, ПРАДСТАЎНІЦА ЗША Ў ААН:

“Прагрэсу ў галіне правоў чалавека – няма… Беларусь займае найніжэйшыя пазіцыі нават у рэйтынгу свабоды медыяў. Спадзяемся, што працягненне мандату спавяшчальніка аб Беларусі станоўча паўплывае на сітуацыю з правамі чалавека”.

Рэзалюцыя Рады ААН аб працягненні мандату Міклаша Харасці мае паўстаць пасля перамоваў чальцоў арганізацыі, запланаваных на сярэдзіну чэрвеня.

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў