Пайшоў з жыцця беларускі мовазнаўца Юрась Бушлякоў


4 чэрвеня памёр выдатны беларускі лінгвіст, працаўнік радыё «Свабода» Юрась Бушлякоў.

Вядомы шырэйшаму грамадству як вядоўца папулярнай лінгвістычнай радыёпраграмы «Магія слова», аўтар публікацыяў на культурамоўныя тэмы, Юрась Бушлякоў пакутаваў на цяжкую хваробу з 2009 года. Але да апошніх месяцаў яго не пакідаў аптымізм, вера ў жыццё.

Юрась Бушлякоў нарадзіўся 29 траўня 1973 года ў Менску ў сям’і спартоўца і эканамісткі. Са школьных гадоў бачыў сябе ў спорце, аднак, захоплены Адраджэннем мяжы 1980–1990-х, прыхіліўся да беларушчыны і паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэту БДУ, уступіў у БНФ. Пасля сканчэння ўніверсітэту выкладаў у альма-матэр і адначасова пачаў кар’еру радыёжурналіста ў беларускай рэдакцыі Польскага радыё, у 2000–2002 гадах працаваў на радыё «Рацыя».

Гледачы «Белсату» маглі бачыць Юрася Бушлякова ў лінгвістычнай праграме «Моўнік» (архіў праграмы тут).

{movie}Юрась Бушлякоў у праграме «Моўнік» на канале «Белсат»|right|11013{/movie}

Выдатныя лінгвістычныя веды, унікальны тэмбр голасу, дар апавядальніка, яркая індывідуальнасць – спалучэнне ўсіх гэтых якасцяў зрабіла Бушлякова заўважнаю медыйнай асобаю ў якасці аўтара і вядоўцы папулярнай свабодаўскай праграмы «Магія слова» (2002–2004). У гэтыя гады абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Адна з асноўных справаў Юрася Бушлякова – суаўтарства ў нармалізацыі тарашкевіцкага арфаграфічнага стандарту – у выданні «Беларускі клясычны правапіс» (Вільня–Менск, 2005).

“Белсат” глыбока смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным ды блізкім мовазнаўцы.

ЗС, belsat.eu

Стужка навінаў