Алесь Сержановіч у «Гарачым каментары»


“Беларускія прадукты харчавання не канкурэнтаздольныя… нідзе”

Канстатуе эканамічны аглядальнік газеты “Беларусы і рынак”. Аляксандр Лукашэнка загадаў павялічыць экспарт прадуктаў харчавання ў 2,5 раза. Цікава, што менавіта настолькі цягам апошняга паўгоддзя выраслі цэны ўнутры самой Беларусі.

“Асноўныя прычыны гэтага варта шукаць у беларускай эканамічнай мадэлі. Нашая сельская гаспадарка проста не зусім эфектыўная, мякка кажучы. Бо вялізарныя грошы інвестуюцца не туды, куды яны павінны ісці. Грошы павінны ісці на павышэнне якасці прадукцыі. Пачынаючы ад палёў, сканчаючы запакаванымі ўжо прадуктамі і маркетынгавымі стратэгіямі развіцця. Замест гэта яны ідуць у інфраструктуру, грошы ідуць у фінансаванне непрацаздольных гаспадарак. Больш за 10% усёй пратэрмінаванай запазычанасці па ўсёй гаспадарцы, па ўсёй эканоміцы, прыпадаюць на сельскую гаспадарку”, – кажа Алесь Сержановіч.

Выйсце ёсць. Паводле эксперта, павялічэнне экспарту можа станоўча паўплываць на кошты ўнутры краіны. У якасці наступнага кроку належала б даць замежнай прадукцыі доступ на айчынныя рынкі, што прымусіла б беларускіх вытворцаў знізіць цэны. Аднак гэты крок падаецца малаімаверным, бо “беларускія прадукты харчавання не канкурэнтаздольныя… нідзе. Нідзе, ні ўнутры краіны, ні за яе межамі. Калі б яны былі канкурэнтаздольнымі, мы б прадавалі іх не толькі ў Расею, якая не можа сябе забяспечваць харчовымі прадуктамі. Мы б прадавалі па ўсім свеце. Канешне, за ўвесь свет можна прымаць Венесуэлу ды Іран, але гэта не тыя краіны, на якія трэба раўняцца”, – упэўнены аглядальнік.

Такім чынам, нічога добрага ад планаў павялічэння экспарту чакаць не даводзіцца. Алесь Сержановіч мяркуе, што на цяперашні момант першачарговаю задачай ураду ёсць нармалізацыя адмоўнага сальда, якое ўжо складае 10 млрд долараў. “Кажучы проста, беларусы будуць плаціць больш за прадукты харчавання, у той час калі экспарт у нас будзе танны”, – падсумоўвае эксперт.

Belsat.eu

Стужка навінаў