«Мова ці кава» разам з «Белсатам»!


У Менску адбыўся апошні занятак курсаў «Мова ці кава». Запрошаным госцем быў мовазнаўца Зміцер Саўка, які кіруе моўнаю службаю «Белсату», а ўдзельнікі курсу мелі магчымасць паглядзець стужку «Кава і цыгарэты» ў беларускім перакладзе, які зрэалізаваў наш тэлеканал.

{movie}Глеб Лабадзенка: поспех курсаў “Мова ці кава”|right|11005{/movie}

Да верасня «Мова ці кава» сыходзіць на вакацыі. «У верасні мы працягнем курсы з улікам пажаданняў навучэнцаў. Напрыклад, мы думалі, што 2–2,5 гадзіны для аднаго занятку – гэта зашмат, а нам у анкеце напісалі: а чаму б не зрабіць адразу 3 гадзіны? – гаворыць адзін з выкладчыкаў курсаў беларускай мовы Глеб Лабадзенка. – І раней мы не на кожны занятак запрашалі гасцей. Цяпер жа думаем пра тое, каб госць быў абавязковым складнікам кожнага занятку».

{movie}Удзельнікі “Мова ці кава” пра курсы|right|11004{/movie}

На першую сустрэчу курсаў «Мова ці кава» прыйшлі прыблізна 120 асобаў, да канца дайшлі прыблізна 70. На думку Глеба Лабадзенкі, гэта паказнік вялікага поспеху праекту: «Мы перад першым заняткам думалі: можа, будзе 15, можа, 20 чалавек. Тое, што цягам гэтыя людзі не разбегліся, а наадварот, сышліся разам – паказнік таго, што гэта добрая ідэя. Прыйшлі новыя людзі, розныя: хто саромеўся, хто баяўся, каму проста не было з кім паразмаўляць, і тут яны знайшлі гэта – кампанію аднадумцаў і суразмоўцаў».

МЛ, belsat.eu

Фота з суполкі “Мова ці кава” / belsat.eu

Стужка навінаў