«Хто ўзарваў менскае метро?» Журналіст Алег Груздзіловіч прэзентаваў кнігу-расследаванне


Яшчэ да прэзентацыі менская пракуратура вынесла яму афіцыйнае папярэджанне, у тым ліку за гэтую кнігу, у якой ён нібыта «сумняваецца ў выніках следства і справядлівасці судоў Беларусі», а таксама «распаўсюджвае недакладную інфармацыю».

{movie}Алег Груздзіловіч прэзентаваў кнігу «Хто ўзарваў менскае метро?»|right|11003{/movie}

Кніга «Хто ўзарваў менскае метро?» стала саракавым выданнем у серыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе», уяўляе з сябе вынік скрупулёзнай аналітычнай работы аўтара над тэмаю тэракту ў сталічным метрапалітэне 11 красавіка 2011 года. Груздзіловіч засноўваецца на ўласных матэрыялах, сабраных падчас суда над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым, якіх афіцыйна прызналі вінаватымі ў здзяйсненні тэракту і прыгаварылі да смяротнай кары, а таксама ў ходзе гутарак з экспертамі, сведкамі.

Выданне «Хто ўзарваў менскае метро?» адказвае на загалоўнае пытанне, адзначыў Груздзіловіч у адказ мадэратару прэзентацыі, свайму калегу, журналісту Валерыю Каліноўскаму.

«Адказ на гэтае пытанне атрымаўся сам сабою, не спецыяльна, бо ўзнікала ўсё больш і больш звестак, калі кніга ўжо пісалася, – зазначыў аўтар. – Я ставіў сябе на месца прысяжнага ў судзе, які слухае довады следства, а пасля яго пакідаюць, і ён павінен даць адказ, вінаваты падсудны ці не. Калі я ўсё ўзважыў, то атрымалася, што Канавалаў у тэракце вінаваты, а Кавалёў не вінаваты, але ён мог ведаць аб тым, што здарыцца».

Тым не менш з суровым прысудам у дачыненні расстраляных віцяблян Груздзіловіч не згадзіўся, бо ён супраць смяротнай кары. На думку аўтара, Канавалава і Кавалёва мусілі былі пакінуць у жывых у інтарэсах далейшага разбору дэталяў справы.

Кіраўніцтва менскага метрапалітэну вынесла некаторыя ўрокі з трагедыі ў 2011 годзе, адзначыў аўтар кнігі, які раней праводзіў журналісцкі эксперымент, спрабуючы ўвайсці ў метро з вялікаю торбаю. Асноўная выснова, паводле Груздзіловіча, такая: пытанне бяспекі метрапалітэну стала забароненым для грамадскасці ды журналістаў. «Яны кажуць, маўляў, мы тут самі ўсё вырашаем, а вы не смейце нават задумацца, ці правільна мы штосьці робім».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў