Вайсковы аглядальнік: Беларусь можа быць у “топ-10” гандляроў зброі


У апублікаваным нядаўна рэйтынгу SIPRI Беларусь трапіла “толькі” ў першую дваццатку экспарцёраў зброі. Аднак паводле адмыслоўца Аляксандра Алесіна, крывавы бізнэс можа быць значна больш прыбытковы, чымся ўказана ў афіцыйных дадзеных. Праўда і там усё няблага – SIPRI рапартуе аб росце экспарту зброі ажно на 165% у параўнанні з перыядам 2003-2007.

Вайсковы аглядальнік зазначае, што рэйтынг SIPRI ёсць адным з найбольш аўтарытэтных у свеце, аднак сапраўдныя дадзеныя могуць уражваць яшчэ мацней: “Да гэтых лічбаў трэба адносіцца з асцярогай, таму што мінулым разам яны казалі, што Беларусь не ўвайшла і ў 40 краінаў-гандляроў. Уся справа ў тым, што яны лічаць па класічных узбраеннях – артылерыя, бронетанкавая тэхніка, самалёты і г.д. Але ж Беларусь усяго гэтага не вырабляе. Раней гандлявала рэшткамі савецкага арсеналу. Цяпер жа Беларусь гандлюе высокатэхналагічнымі ўзбраеннямі і праграмамі мадэрнізацыі узбраенняў.”

Да гэтага Алесін адносіць радыёлакацыю, сістэмы радыёэлектроннай барацьбы і разведкі, прыцэльныя прылады для стралковай зброі, бронетанкавай і авіяцыйнай тэхнікі. Прадметам гандлю спадар Алесін лічыць і бартавое абсталяванне знішчальнікаў, таксама, праграмнае забеспячэнне і сістэмы кіравання супрацьветранай абароны, авіяцыі і г.д.

Аляксандр Алесін кажа, што вельмі цяжка вымераць сапраўдны маштаб продажу зброі, бо здзелкі носяць канфідэнцыйны характар. Але некаторыя лічбы, кажа спадар, можна агучыць:

“Напрыклад, у Венесуэле кошт кантрактаў толькі з Беларускага боку ацэньваецца ў мільярд даляраў. Тут фактычна “пад ключ” будзе здавацца сістэма супрацьпаветранай абароны. Прыкладна пра такія сумы кажуць аб кантрактах з Азербайджанам. Таму, з іншага боку, Беларусь можа займаць і не 20-е, а якое-небудзь 10-е месца сярод краінаў-гандляроў зброяй.”

Найбольш значнымі партнёрамі Беларусі ў гандлі зброяй і вайсковымі тэхналогіямі Аляксандр Алесін называе Венесуэлу, Кітай, арабскія краіны, Азербайджан, Туркменістан, Казахстан.

“Я ведаю, што і з Іранам ёсць супрацоўніцтва ў галіне высокіх тэхналогіяў. Многія эксперты кажуць, што менавіта дзякуючы беларускім сістэмам радыёэлектроннай барацьбы іранцы пасадзілі два беспілотныя амерыканскія самалёты…”

Аляксандр Алесін кажа, што збольшага Беларусь гандлюе ўсё ж вайсковымі тэхналогіямі і тэхнікай двайнога прызначэння. Гэтую думку пацвярджае і нядаўняе паведамленне (http://belsat.eu/be/wiadomosci/a,13028,mazy-dlia-vaiskovykh-bazau-asada-shto-iashche-pradaie-bielarus-dyktataru.html) з Сірыі, дзе паўстанцы знялі на відэа беларускія “МАЗы” на вайсковых базах Башара Асада.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары