Лета будзе цяплейшае, а жнівень – дажджлівы


Паводле словаў прадстаўніка Рэспубліканскага гідраметэацэнтру Дзмітрыя Рабава, пачатак чэрвеня будзе даволі цёплым, тэмпература чакаецца ў сярэднім на 1–3 градусы вышэй за кліматычную норму, але надвор’е будзе дажджлівым.

У сярэдзіне месяца чакаюцца дажджы з навальніцамі, у асобных раёнах пры навальніцах шквалістыя ўзмацненні ветру з парывамі да 15–20 м / с. Пераважная тэмпература паветра ўначы – 10–16 ° С, удзень – 19–25 ° С. У паўночных раёнах будуць больш прахалодныя ночы – 4–9 ° С, удзень – 14–18 ° С, а ў паўднёвых раёнах у некаторыя дні дзённая тэмпература паветра дасягне 26–29 ° С.

Паводле папярэдняга прагнозу, цягам апошняга чэрвеньскага тыдня будзе стаяць летняе надвор’е, уначы – 8–15 °С, удзень – 18–25 °С. У асобныя дні не выключаныя кароткачасовыя дажджы.

У цэлым тэмпература ў чэрвені чакаецца на 1 градус вышэй за кліматычную норму, колькасць ападкаў чакаецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў, за выключэннем паўночных рэгіёнаў, дзе будзе крыху сушэй.

Ліпень, паводле Рабава, «будзе па-сапраўднаму летнім»: сярэднямесячная тэмпература чакаецца вышэй за норму, у той час як колькасць ападкаў – крыху ніжэй сярэдніх паказчыкаў.

Сярэднямесячная тэмпература жніўня прагназуецца ў межах нормы, але колькасць ападкаў, мяркуецца, перавысіць сярэднія значэнні. «Вядома, будуць і навальніцы, і моцныя ліўні, і шквалісты вецер, і град. На гэта варта звярнуць асаблівую ўвагу. У сувязі з тым, што актывізуюцца навальніцы, з якімі звязаныя ліўні, град і шквалістае ўзмацненне ветру, будуць, вядома, і падтапленні, і разбурэнні», – рэзюмаваў Рабаў.

Паводле яго, апраўдвальнасць доўгатэрміновых прагнозаў надвор’я складае ў сярэднім каля 70 %.

Анастасія Салановіч, БелаПАН

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў