Турцыя: ад абароны парку – да змены ўлады?


Прэм’ер Турцыі называе пратэстоўцаў экстрэмістамі, мясцовыя медыі маўчаць, паліцыя ўжывае водныя гарматы і слезацечны газ, а дэманстранты будуюць барыкады. Як пратэст супраць знішчэння стамбульскага парку перарос у хвалю, што накрыла ўсю краіну?

Неадэкватная рэакцыя

Усё пачалося 28 траўня, калі некалькі дзясяткаў абаронцаў навакольнага асяроддзя сабраліся ў парку Газі, на месцы якога маюць збудаваць вялізарны гандлёвы цэнтр. Эколагі ўказвалі, што гэта – адно з нешматлікіх зялёных месцаў у мегаполісе і важна яго захаваць. У адказ на мірную акцыю пратэсту паліцыя разагнала пратэстоўцаў воднымі гарматкамі ды слезацечным газам. У выніку лакальная дэманстрацыя ў абарону парку перарасла ў пратэст супраць жорсткасці паліцыі.

{movie}Пратэсты ў Турцыі (без каментара)|right|10991{/movie}

Паліцэйскім удалося задзіночыць супраць сябе нават фанатаў стамбульскіх футбольных клубаў – «Бэшыкташ», «Галатасарай» i «Фэнэрбахчэ». Вечная варожасць была забытая, і парк занялі ўжо каля тысячы пратэстоўцаў, некаторыя нават разбівалі намёты. 31 траўня паліцыя паспрабавала заняць парк, ізноў ужываючы спецсродкі, у выніку чаго дзясяткі асобаў былі параненыя. Ужо ўвечары таго ж дня дэманстрацыі пачаліся амаль па ўсёй краіне, таксама і ў сталіцы Турцыі – Анкары. У Стамбуле ж пратэстоўцы выціснулі паліцэйскіх з парку.

Пратэсты ў абарону свецкай краіны

Прэм’ер Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, відавочна, спрабаваў залагодзіць сітуацыю, калі паабяцаў, што замест супермаркету ў парку збудуюць мячэць. Гэта яшчэ мацней абурыла пратэстоўцаў, беручы пад увагу ўведзеныя два тыдні таму абмежаванні на продаж і рэкламу алкаголю. Прэм’ер – ля ўлады з 2002 года, і шмат хто ўбачыў у апошніх рэформах схіл у бок ісламізацыі краіны. Сотні студэнтаў сабраліся ў цэнтрах турэцкіх гарадоў і распівалі алкагольныя напоі. Дэманстранты ж нясуць нацыянальныя сцягі з выяваю Кемаля Ататурка – заснавальніка і першага прэзідэнта свецкай турэцкай рэспублікі.

«Рэвалюцыя – у тўітэры, не на тэлебачанні»

Гэткі слоган стаўся дэвізам пратэстоўцаў пасля таго, як мясцовыя медыі стараліся замоўчваць тэму дэманстрацыяў і жорсткай рэакцыі паліцыі. Дэманстранты арганізуюцца з дапамогаю сацыяльных сетак і там жа выкладаюць здымкі з пратэстаў, пра якія не ўзгадваюць турэцкія медыі.

Прэм’ер Турцыі таксама выказаў сваё меркаванне пра свабоду ў інтэрнэце. Паводле Эрдагана, тўітэр – гэта «праклён і экстрэмальная версія хлусні».

Агулам пратэсты сталі найбуйнейшымі ў гісторыі краіны, ахапіўшы каля 70 гарадоў. Таксама, як і рэакцыя паліцыі – найбольш жорсткаю: толькі за два апошнія дні арыштавалі больш за 1700 асобаў, а, як паведаміла сёння турэцкая асацыяцыя лекараў, сёння зарэгістраваная першая ахвяра сярод дэманстрантаў.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў