Помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі хаваюць ад людзей?


https://youtu.be/player_embedded&v
У Маладзечне зноў хочуць перанесці помнік пакутнікам за Беларусь. Гэтым разам ён перашкаджае ўладам зрабіць новы ўезд у гарадскі парк перад фестывалем беларускай песні ды паэзіі «Маладзечна-2013», які распачнецца 7 чэрвеня. Уезд мае быць якраз там, дзе цяпер стаіць помнік.

Помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі ўсталявалі на цэнтральнай плошчы Маладзечна ў 1993 годзе, калі старшынём райвыканкаму быў Генадзь Карпенка. Зрабілі яго ў выглядзе вялікага валуна, аздобленага крыжам Еўфрасінні Полацкай і выяваю бел-чырвона-белага сцягу, які пазней прыбралі.

Як распавёў сябра Рады беларускай інтэлігенцыі, паэт і жыхар Маладзечна Лявон Цімохін, некалі на месцы помніку стаяў старажытны каменны крыж, які ўзарвалі бальшавікі пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь.

Падчас рэканструкцыі галоўнай плошчы гораду перад «Дажынкамі» ў 2011 годзе помнік перанеслі ды ўсталявалі ніжэй па вуліцы Вялікі Гасцінец, на вугле парку. Рабілася гэта ўсё патаемна, уначы, бо ідэя з пераносам помніку выклікала тады хвалю нязгоды сярод маладзечанцаў. Лявон Цімохін адзначае, што перад тым, як помнік дэмантавалі, мясцовыя ўлады запэўнівалі, што не будуць яго чапаць.

На месцы помніку на плошчы ўсталявалі скульптурную кампазіцыю «Святло Купалля», выкананую Уладзімерам Жбанавым, канцэпцыя якой, дарэчы, таксама выклікала шмат спрэчак.
{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра дэмантаж помніка ў 2011 годзе|right|10989{/movie}
Што зробяць з помнікам?

Перад фестывалем беларускай песні ды паэзіі «Маладзечна-2013» улады распачалі працы для ўпарадкаванні парку, а там, куды два гады таму перанеслі помнік, правялі дарогу, і цяпер хочуць зрабіць новы ўезд у парк. Пра гэта «Белсату» распавёў Лявон Цімохін. «Разабралі агароджу. Але тут акурат помнік стаіць. І вось пад гэтую марку і з’явілася рашэнне прыбраць помнік, бо перашкаджае».

Спадар Лявон упэўнены, што ўсё гэта робіцца, каб канчаткова прыбраць помнік з галоўнай вуліцы Маладзечна і схаваць ад людзей.

Паводле праваабаронцы Эдуарда Баланчука, улады маюць цвёрды намер перанесці помнік, але канчатковага рашэння яшчэ не прынялі.

«Я сустракаўся са старшынём райвыканкаму Аляксандрам Яхнаўцом – канчаткова яны яшчэ нічога не вырашылі. На гэтым тыдні мы яшчэ будзем сустракацца, і ўсё яшчэ будзе абмяркоўвацца, і я не губляю надзеі, што атрымаецца адстаяць помнік, – распавядае праваабаронца. – Хоць і абы-як яго паставілі, але спадзявацца, што яго вернуць на старое месца на плошчы, не выпадае, таму мы будзем рабіць усё, каб яго хоць тут пакінулі. Помнік ставілі людзі, была вялікая талака, і цяпер пераносіць яго ў нейкія закуткі – гэта проста недарэчна».

У аддзеле архітэктуры Маладзечанскага райвыканкаму паведамілі, што помнік хочуць перанесці, але рашэння на ўзроўні старшыні выканкаму яшчэ няма.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары