У Мілавідах узгадалі пераможную бітву касінераў (дадалося відэа)


Прыблізна 150 асобаў прыйшлі на фэст у Мілавідах (Баранавіцкі раён), каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 года, палеглых у часе бітвы.

{movie}У Мілавідах узгадалі пераможную бітву касінераў |right|10988{/movie}

Ля капліцы мусіла адбыцца афіцыйная ўрачыстасць, пра якую паведамілі чыноўнікі Баранавіцкага райвыканкаму актывісту Віктару Сырыцы. Апошні звяртаўся па дазвол на правядзенне фэсту, але яго двойчы забаранілі. Чыноўнікі матывавалі гэта тым, што самыя будуць ладзіць імпрэзы, прысвечаныя Мілавідскай бітве. Аднак на прызначаны час а 12:30 ля капліцы ніякія афіцыйныя асобы заўважаныя не былі. На гэтай ноце прадстаўнікі грамадскасці самыя пачалі ўрачыстасць. Ля святыні выступіў баранавіцкі грамадскі дзеяч Віктар Сырыца, які папракнуў чыноўнікаў, што яны не прыйшлі на сваё мерапрыемства: “Нам двойчы забаранілі, матывуючы тым, што аддзел культуры праводзіць сваё свята ў гэты дзень і гэты час. Мы прыехалі ў гэты дзень і час, а, як бачыце, іх тут няма…”.

Арганізатары незалежнага фэсту Віктар Сырыца і Анжэла Камбалава выступілі перад прысутнымі ў шляхецкіх строях. Верш памяці паўстанцаў прачытаў гісторык Язэп Янушкевіч. Пасля гэтага прысутныя, якія прыехалі двума вялікімі аўтобусамі і дзясяткамі аўтаў, усклалі кветкі да капліцы і каменю ў гонар палеглых паўстанцаў у бітве ля Мілавідаў. Падчас урачыстасці актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) узнялі бел-чырвона-белыя сцягі.

У часе ўскладання кветак да месца імпрэзы пад’ехалі працаўнікі ДАІ, якія папярэдзілі, што стаянка транспарту тут забароненая і праз 5 хвілінаў яны пачнуць складаць пратаколы на кіроўцаў. Таму, усклаўшы кветкі, прысутныя на прапанову Віктара Сырыцы паехалі на сядзібу мясцовай суполкі ТБМ у вёсцы Русіна.

Там адбылася канферэнцыя, прысвечаная паўстанню 1863 года, выступілі гісторыкі і краязнаўцы. Удзельнікі фэсту пачаставаліся “паўстанцкаю” кашаю ад баранавіцкага прадпрымальніка Міколы Чарнавуса. Праспявалі свае песні барды Зміцер Бартосік і Віктар Шалкевіч. Потым бардаў апранулі ў рэканструяваныя беларускія строі селяніна і шляхцюка часоў паўстання Кастуся Каліноўскага. “Зоркі інэту і “YouTube’у”, – пажартаваў Віктар Шалкевіч, калі іх фатаграфавалі ў строях ХІХ стагоддзя. Пасля музыкаў выступілі рыцары з баранавіцкага клубу гістарычнай рэканструкцыі “Шляхецкая застава”.

“Прыемна, што гэтак шмат людзей прыехалі, каб надаць даніну павагі Кастусю Каліноўскаму і памянуць нашых продкаў, якія змагаліся за вольную Беларусь, у якой мы сёння жывем. На жаль, улады не толькі сёння не правялі ўрачыстасці, але яны зрабілі ўсё, каб гэты фэст не адбыўся. Прыемна, што столькі людзей сабраліся, бо гэта падкрэслівае: ёсць тая Беларусь, за якую змагаліся продкі”, – зазначыў Валянцін Лазарэнкаў, берасцейскі актывіст БСДП(Г).

Мілавідская бітва – найбуйнейшая паміж паўстанцамі і расейскімі карнікамі на тэрыторыі Беларусі ў часе паўстання Кастуся Каліноўскага. Яна адбылася 22 траўня (3 чэрвеня). У выніку бітвы рэгулярнае царскае войска вымушанае было адступіць па дапамогу. Кіраваў паўстанцамі Аляксандр Лянкевіч. Напярэдадні іх інспектаваў Кастусь Каліноўскі.

Сёлета дэмакратычная грамадскасць адзначае 150-ыя ўгодкі паўстання 1863–64 гадоў. Аднак афіцыйныя ўлады ігнаруюць гэты дзень. У студзені ў Беларусі прайшла навуковая канферэнцыя, на якой дзяржаўныя ідэолагі назвалі Кастуся Каліноўскага экстрэмістам і хуліганам, які “глыбока ненавідзеў беларускі народ”.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў