Тысячастаронкавая гісторыя ВКЛ: Выйшаў першы том


Доктар гістарычных навук, адзін са стваральнікаў «Гісторыі пад знакам Пагоні» Алесь Краўцэвіч выдаў новую кнігу – «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1341)». Гісторык разглядае ВКЛ не проста як гісторыю беларускіх зямель, а як важны этап беларускай дзяржаўнасці. Кнігу выдалі ў межах серыі «Гарадзенская бібліятэка».



{movie}Алесь Краўцэвіч: гэта кніга пра вайну, пра дыпламатыю.|right|10986{/movie}

«Я адмовіўся ад традыцыйнага падыходу ў вывучэнні ВКЛ, уласцівага беларускім гісторыкам як савецкай эпохі, гэтак і часоў незалежнасці. Для мяне Вялікае Княства – прадаўжальнік дзяржаўнасці Полацкага, Тураўскага княстваў і адзін з найважнейшых чыннікаў нацыянальнага будаўніцтва. У гэтай кнізе гісторыя ВКЛ падаецца ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі», – зазначае аўтар.

«Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1341)» ахоплівае прамежак часу з узнікнення дзяржавы да пачатку яе тэрытарыяльнага росту пры вялікіх князях Віценю і Гедыміне. Тэкст створаны на аснове вывучэння, галоўным чынам, апублікаваных пісьмовых крыніцаў, а таксама адмысловых працаў, прысвечаных асобным аспектам тэмы. Фармальна гэтая праца – першы ў краіне навуковы сінтэз гісторыі ВКЛ, але яна таксама ўкладаецца ў кантэкст гісторыі Беларусі, як адзін з найважнейшых яе этапаў.

Каардынатар кніжнай серыі «Гарадзенская Бібліятэка» Павал Мажэйка мяркуе, што ў наступныя гады выйдуць кнігі, прысвечаныя чарговым этапам гісторыі ВКЛ: «Канцавою мэтаю нашай працы ёсць паўстанне тысячастаронкавай гісторыі Вялікага Княства, максімальна поўнай гісторыі ВКЛ, напісанай беларускім гісторыкам. Алесь Краўцэвіч вылучаецца апроч грунтоўнага навуковага падмурку яшчэ і тым, што ён выдатны прамоўтар беларускай гісторыі, чалавек, які набліжае гісторыю да народу. Для нас важна таксама тое, што гісторык Краўцэвіч у сваіх працах бароніць беларускі пункт гледжання, беларускі інтарэс, што для значнай часткі сённяшніх гісторыкаў у Беларусі зусім не відавочная рэч».

Гарадзенская Бібліятэка – кніжная серыя, заснаваная ў 2006 годзе жыхарамі Горадні. Пад яе логам пабачылі свет прыблізна 30 кніг, дыскаў, зборнікаў навуковых тэкстаў, календароў, даведнікаў.

«Гарадзенская Бібліятэка» – гэта пераважна гарадзенская і заходнебеларуская тэматыка. Аўтары серыі жывуць і працуюць у Горадні або маюць гарадзенскія карані.

Кніга напісаная даступнаю моваю, змешчаная храналогія гісторыі ВКЛ да канца гаспадарання Гедыміна, падаецца багаты імянны і геаграфічны паказальнік, а таксама арыгінальная аўтарская каляровая мапа «Вялікае Княства Літоўскае пры Гедыміне. 1341 год».

Ужо сёння кнігу можна набыць у кнігарнях Менску, а таксама асноўных інтэрнэт-кнігарнях, якія працуюць з беларускай гістарычнай літаратурай.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў