Вонкавая пазыка Беларусі імкліва расце і без новых крэдытаў


Не гледзячы на тое, як дагэтуль урад знаходзіць сродкі, каб аддаць вялізарныя адсоткі па вонкавай запазычанасці, больш за $ 3 млрд сёлета, памеры новых налічэнняў таксама ўражваюць.

Толькі за першы квартал 2013 года запазычанасць вырасла на $ 375,5 млн, што павялічыла агульны доўг да $ 12,4 млрд. Дзяржаўная пазыка Рэспублікі Беларусь на 1 траўня 2013 года павялічылася ў параўнанні з пачаткам года на Br 5,6 трлн або на 4,4 %.

Тым часам Менск чакае на атрыманне вялізарнага крэдыту на будаўніцтва АЭС і павялічвае таксама і ўнутраную дзяржаўную пазыку – з пачатку года яна вырасла на Br 1,4 трлн.

Паводле Міністэрства фінансаў, павелічэнне ўнутранай дзяржпазыкі ў 2013 годзе абумоўленае размяшчэннем валютных дзяржаўных аблігацыяў для юрыдычных і фізічных асобаў і ростам афіцыйнага курсу долара ЗША адносна беларускага рубля. Незалежныя эканамісты неаднаразова зазначалі, што калі Менск не прыдумае новай геніяльнай схемы заробку валюты, як было з разбаўляльнікамі летась, то выплаты крэдытаў, новыя запазычанасці, рост заробкаў пры малой вытворчасці плюс забітыя нікому не патрэбнаю тэхнікаю склады могуць прывесці да паўтору калапсу 2011 года.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў