Маленькіх менчукоў вучылі падзяляць смецце і вырошчваць зеляніну на падвоканні


А таксама паказвалі, як можна атрымаць электрычнасць, круцячы педалі звычайнага ровару, а некаторыя дзеткі ўпершыню ў жыцці выпілі казінага малака і пакаштавалі натуральны ёгурт. Маленькія жыхары сталіцы ды іхныя бацькі падчас фестывалю «Зялёны ўік-энд», што праходзіў у Менску 1 і 2 чэрвеня, даведаліся: экалогія можа быць цікавай.



Фестываль ужо другі год запар праводзіла грамадская экалагічная арганізацыя «Экадом».

Цягам 2 дзён падчас шэрагу майстар-класаў дзецям не проста распавядалі пра тое, што такое экалогія і навошта яе неабходна захоўваць, але і паказвалі, як гэта можа рабіць ужо сёння кожны школьнік. Напрыклад, падзяляць смецце, асобна выкідаючы шкло, паперу, пластык, а батарэйкі – толькі ў адмысловыя кантэйнеры. А старым газетам і часопісам можна даць другое жыццё, зрабіўшы з іх арыгінальныя паштоўкі ці фантастычных жывёлінаў.

Дзеці даведаліся, як нават у гарадской кватэры можна круглы год мець на стале свежую зеляніну, вырошчваючы яе на падвоканні, а таксама, што такое «ежа павольная» і «ежа хуткая», чым адрозніваюцца натуральныя прадукты ад тых, што мы звычайна набываем у крамах. А найбольш дзеці былі ў захапленні ад роваравага генератара электрычнасці, круцячы педалі якога можна было ўключаць лямпачкі, тэлевізар, радыё.

Экалогія для дзяцей мусіць быць інтэрактыўная

«У нашых школах вельмі дрэнны стан з экалагічнаю адукацыяй. Яе даюць скрайне мала і састарэлымі метадамі, то бок настаўнікі не задумваюцца, што дзяцей трэба неяк інтэрактыўна заахвочваць, тлумачыць на прыкладзе, – распавядае сябра «Экадому» Соф’я Садоўская пра тое, што падштурхнула да правядзення «Зялёнага ўік-энду». – А нашыя майстар-класы – гэта і цікава, і інфарматыўна, і добра дзецьмі запамінаецца». Выхоўваць у дзецях экалагічныя каштоўнасці трэба пачынаць з ранняга ўзросту, бо тады яшчэ не цалкам сфармаваныя звычкі ды іх можна накіраваць «на шлях жыцця – гэтак, каб не нашкодзіць экалогіі Зямлі».

З гэтым пагаджаецца Марыя, якая прыйшла на фестываль з 10-гадовым сынам: «Калі я гадоў 10 таму ўпершыню праязджала каля чыжоўскай звалкі і пабачыла яе памеры, я была вельмі ўражаная. З таго часу экалогія мяне сапраўды непакоіць. Хацелася б сына да гэтага далучаць. Таму і прыйшла сюды».

«Менавіта гэтак і трэба тлумачыць дзецям экалагічныя тэмы – у гульнявой форме, а не як у школе ў нас расказваюць, што спаць хочацца, – адзначыла Кацярына, якая была на фестывалі з трыма малымі. – Экалогія ў дзеянні, экалогія рукамі, вачыма, праз творчасць – вось найлепшая навука, якая застаецца ў памяці, закладаецца ў каштоўнасцях у потым ужо дарослых людзей».

Арганізатары плануюць зрабіць фестываль штогадовым.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў