Прадстаўніца ТБШ: Палітыка дэбеларусізацыі - дзяржаўная палітыка


Пра сучасны стан беларускай адукацыі разважае ў «Размове Жбанкова» намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

У Беларусі з кожным годам скарачаецца колькасць вучняў, якія атрымліваюць адукацыю на роднай мове. У абласных гарадах няма ніводнай беларускамоўнай школы, а ў двухмільённым Менску працуюць толькі 5 беларускамоўных школаў і падпольны ліцэй імя Якуба Коласа, падкрэсліла спадарыня Мацкевіч.

Пры тым, звярнула ўвагу прадстаўніца ТБШ, нават у гэтых нешматлікіх беларускамоўных установах асветы не ўсе настаўнікі добра валодаюць моваю выкладання, не стае беларускамоўных падручнікаў, не заўсёды справаводства вядзецца там па-беларуску, а самі выкладчыкі не ствараюць натуральнага беларускамоўнага асяроддзя, размаўляючы на перапынках з вучнямі па-расейску.

{movie}”Размова Жбанкова”. Прадстаўніца ТБШ пра палітыку дэбеларусізацыі|right|10970{/movie}

Такі стан рэчаў госця «Белсату» лічыць праяваю дзяржаўнай палітыкі. «Хто вядзе такую палітыку, дакладна я не ведаю. Не думаю, што гэта ідзе ад самога Лукашэнкі. Хоць у яго невысокі патэнцыял, але ён павінен ведаць, што палітыка дэбеларусізацыі, зачысткі Беларусі ад беларусаў, ад культуры беларускай і мовы, – гэта ўрэшце прывядзе да таго, што сам Лукашэнка стане ахвяраю гэтай палітыкі».

Барацьба з беларускасцю, на думку, спадарыні Мацкевіч можа зыходзіць з боку нейкіх дарадцаў кіраўніка Беларусі, а сам Лукашэнка або не звяртае ўвагі на такі стан рэчаў, або свядома ідзе на пэўны кампраміс: «Калі даць зараз беларусам свабоду развіваць сваю мову, аднавіць сваю гістарычную памяць, вярнуць у грамадства нацыянальныя каштоўнасці, то беларусы адразу сябе ўсвядомяць беларусамі і ўсвядомяць, што яны належаць да еўрапейскай сям’і і што дэмакратыя – гэта наш цывілізацыйны выбар. А каму гэта выгадна

Зніжэнне якасці беларускай асветы цягам апошніх гадоў спрыяе таму, што новая генерацыя расце неадукаванаю, несамастойнаю, няздольную да крытычнага мыслення. Дзяячка мяркуе, што ўлады зацікаўленыя ў такіх людзях, бо яны – непатрабавальны электарат, які не будзе хвалявацца з таго, што галасы на выбарах не лічацца.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў