Камедыйная опера Манюшкі ўпершыню ў Беларусі. Без дэкарацыяў, але з авацыямі


У сталічным Палацы прафсаюзаў адбылася прэм’ера – оперу Станіслава Манюшкі «Verbum Nobile» – «Слова гонару» паказаў тэатр «Галерэя» – па-беларуску і ў нетрадыцыйнай для оперы форме. Беларуская прэм’ера «Verbum Nobile» спазнілася на паўтары сотні гадоў пасля прэм’еры польскай, тым не менш – а можа, і насуперак гэтаму – інсцэнізацыю сустрэлі аншлагам і авацыямі.

Сюжэт гэтай камедыйнай оперы пабудаваны на гісторыі кахання шляхціца Станіслава і Зосі – дачкі памешчыка. Што ж да выканання, то інсцэнізацыю падалі ў некласічнай форме. Замест аркестру – 9 музыкаў, дэкарацыі – адсутнічаюць. Прадзюсар оперы, прадпрымальнік Аляксандр Чахоўскі, кажа, што ў гэткім выглядзе опера прасцейшая для разумення.

{movie}Агляд падзеяў культуры (31.05.2013) |right|10958{/movie}

АЛЯКСАНДР ЧАХОЎСКІ, ПРАДЗЮСАР ОПЕРЫ

“Мы вырашылі паспрабаваць адлюстраваць оперу ў камерным жанры, у камедыйным сэнсе. Мы набылі ў Польшчы партытуру, зрабілі пераклад”.

Ідэя трапіла ў яблычак. Публіка, дарэчы, самая разнамасная, ацаніла прэм’еру.

ІВАН КАСЦЯХІН, ДЫРЫЖОР-ПАСТАНОЎШЧЫК

«Ведаеце, у дырыжора ёсць заўсёды такое асаблівае адчуванне – спінаю адчуваеш, як людзі рэагуюць. Наколькі людзі сёння рэагавалі на перыпетыі тэксту – нават тыя, якія толькі ў тэксце гучаць у герояў! Я разумеў, што яны ўвесь час з намі: як мы, музыкі, кажам – «у матэрыяле».

Чарговы раз «Verbum Nobile» пакажуць у Менску 5-га чэрвеня, затым оперу прывязуць у Горадню.

Іншыя тэмы: паэт Янка Трацяк прэзентаваў дэбютны зборнік пародыяў і эпіграмаў «Партрэты ў інтэр’еры Гародні». Выступ гурта «Ściana» скончыў сезон канцэртаў з серыі «Жывы тузін» ад «Тузіна гітоў».

Мар’яна Чарняева, belsat.eu

Стужка навінаў