Кіраўнік Еўрапарламенту: Лукашэнку не месца ў дэмакратычнай супольнасці


«Не варта забываць, што ў Беларусі летась пакаралі двух маладзёнаў. Я асабіста расцэньваю гэта як палітычнае забойства», – заявіў старшыня Еўрапарламенту Марцін Шульц на сустрэчы кіраўнікоў фракцыяў Еўрапарламенту і камітэтаў сейму Літвы, паведамляе агенцтва BNS.

Еўрачыноўнік паведаміў, што не хацеў бы, каб Лукашэнка з’явіўся на саміце «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Вільні сёлета ў лістападзе. На думку кіраўніка камітэту замежных справаў сейму Літвы Бэнэдыктаса Юодкі, на саміт варта было б запрасіць Лукашэнку, але “яго ўнеслі ў спіс асобаў, непажаданых на тэрыторыі ЕЗ». Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей таксама ў чорны спісе. А запрашэнне на саміт прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча можа раззлаваць Лукашэнку, мяркуе кіраўнік камітэту.

Са свайго боку Шульц заявіў, што незалежна ад пастановы запрашаць беларускіх прадстаўнікоў ці не, варта памятаць, што толькі летась у Беларусі пакаралі «двух невінаватых маладзёнаў» (маюцца на ўвазе абвінавачаныя ў тэракце ў менскім метро Канавалаў і Кавалёў, – belsat.eu), і Лукашэнка мае да гэтага самае непасрэднае дачыненне. «Я асабіста расцэньваю гэта як палітычнае забойства», – цытуе Шульца BNS.

Разам з тым, падкрэсліў старшыня Еўрапарламенту, нельга «караць увесь беларускі народ, які і так пакутуе ад кіравання» Лукашэнкі. Прэзідэнту Беларусі трэба сказаць «яснае не», але ў той жа час неабходна намагацца «адчыніць дзверы беларускаму народу». «Знайсці гэты сярэдні шлях нялёгка, у нас няма загадзя падрыхтаванага рэцэпту для гэтага», – зазначыў Шульц.

Саміт «Усходняга партнёрства» пройдзе ў лістападзе 2013 года ў Вільні ў межах старшынёўства Літвы ў Радзе Еўропы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Менск і Брусель вядуць кансультацыі пра фармат удзелу Беларусі ў запланаваным саміце. У прыватнасці абмяркоўваюць магчымасць запрашэння на сустрэчу Уладзіміра Макея, але гэтае пытанне ўвязваецца з вызваленнем і рэабілітацыяй беларускіх палітвязняў.

7 траўня падчас дыскусіі ў Берліне пасол Беларусі ў Нямеччыне Андрэй Гіро заявіў: Менск разлічвае, што запрашэнне на ўдзел у саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні накіруюць на імя кіраўніка дзяржавы, а беларускі бок сам пастановіць, хто рэпрэзентуе краіну на сустрэчы.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў