Беларусы саромеюцца, але… б’юць сваіх дзяцей


У беларускіх сем’ях дзеці цярпяць часцей, чымся мы пра гэта ведаем. У гэтым упэўнены Алег Падрэз, працаўнік грамадскай арганізацыі “Разуменне”, якая займаецца праблемаю дзіцячага гвалту. Беларусы баяцца і саромеюцца адкрыта казаць пра такія выпадкі, але фізічнае пакаранне ўспрымаюць як прымальны сродак выхавання.



Больш за палову беларускіх дзяцей цярпяць ад гвалту



Паводле Белстату, на пачатак 2013 года 65 % беларускіх дзяцей ва ўзросце ад 2 да 14 гадоў зазнаюць “гвалтоўныя метады дысцыплінавання”, сярод якіх як псіхалагічны ціск, гэтак і фізічнае пакаранне.

Алег Падрэз распавёў, што “Разуменню” даводзіцца праводзіць 4–6 расследаванняў зваротаў па факце гвалту над дзецьмі штомесяц. Гэта ў Менску. Па ўсёй краіне, паводле адмыслоўца, з пачатку гэтага года разгледзелі прыблізна 80 зваротаў.

Паводле статыстыкі “Разумення”, менавіта ў сем’ях адбываецца большасць выпадкаў дзіцячага гвалту. Алег Падрэз звяртае ўвагу, што часам факты гвалту спрабуюць выкарыстоўваць бацькі, напрыклад, падчас працэсу разжэнства, калі маці просіць дзіцё сказаць, што бацька яго біў. “Каб зменшыць праблему гвалту, трэба адкрыта пра яе казаць. У нас саромеюцца гэтай тэмы. Калі бацька б’е дзіця ці гвалціць яго, маці маўчыць, бо баіцца застацца без мужа, без кватэры ці нейкіх сродкаў – страх, праз які пакутуе дзіця. Дзеці цярпяць у беларускіх сем’ях часцей, чымся мы пра гэта ведаем”.

{movie}Апытанне: Ці можна біць дзяцей і ў якіх выпадках?|right|10953{/movie}

Псіхолаг: Фізічнае пакаранне – неэфектыўнае

Педагог-псіхолаг гарадзенскай гімназіі № 7 Аляксандра Цярэнцьева пацвярджае: часта пра гвалт становіцца вядома толькі тады, калі справа прымае крытычны характар і даходзіць да праваахоўных органаў. “У нашым грамадстве гэта ўжо як традыцыя, што перадаецца праз пакаленні: дзяцей можна і трэба біць. Кажуць: вось, мяне бацькі білі – і што, нармальны з мяне чалавек вырас, – адзначае псіхолаг. – Але фізічнае пакаранне – гэта заўсёды боль для дзіцяці, прыніжэнне, гэта пужае яго і робіць няўпэўненым”.

Адмыслоўца заўважае: фізічнае пакаранне ліквідуе сімптомы, а не прычыны дрэннага выхавання дзіцяці. “Тут такі нядобры ланцужок атрымліваецца: дзіця пачынае сябе з нейкай прычыны дрэнна паводзіць. Бацькі не хочуць разбірацца, што насамрэч здарылася, злуюцца, што і без таго праблемаў дастаткова, а тут яшчэ малы дадае, і зрываюцца, пачынаюць біць яго. Дзіця, зразумела, баіцца паўтарэння збіцця і паводзіць сябе ўжо інакш. Гэтак вонкава прыбіраецца сімптом. Але застаецца прычына дрэнных паводзінаў дзіцяці”.

Фізічнае пакаранне выклікае зваротную агрэсію. Аднак дзіця не можа пастаяць за сябе перад бацькамі і сваю злосць з крыўдаю вылівае на аднакласнікаў, настаўнікаў ці пачынае горш вучыцца. “Дзеці, якіх б’юць, вырастаюць больш жорсткімі і няўпэўненымі ў сабе. Фізічнае пакаранне не эфектыўнае, яно больш дадае праблемаў, чымся развязвае”, – мяркуе Аляксандра Цярэнцьева.

Да праблемы гвалту над дзецьмі ў сем’ях, на думку псіхолага, прычыняецца і сучасны рытм жыцця: тое, што абое бацькоў вымушаныя працаваць і ў выніку не маюць на дзяцей дастаткова часу. “Пасля працоўнага дня часта раздражнёныя бацькі прыходзяць дадому і зрываюцца на дзіцяці. Бо прасцей даць плескача, каб яно замаўчала ці пайшло рабіць урокі, чымся паразмаўляць і разабрацца, што турбуе твайго сына ці дачку”, – адзначае знаўца.

Беларускія законы не забараняюць фізічнага пакарання



На заканадаўчым узроўні беларускіх дзяцей сёння мусяць абараняць перш за ўсё ратыфікаваная Беларуссю канвенцыя ААН “Аб правах дзіцяці” і Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”.

У той жа час у Беларусі няма асобнага закону аб перадухіленні хатняга гвалту, як у большасці еўрапейскіх краінаў. Фізічныя пакаранні дзяцей у беларускім заканадаўстве наўпрост не забароненыя: бацькі могуць даць плескача дзіцю нават на вуліцы, ува ўсіх на вачах.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў