Расце сталая аўдыторыя «Белсату» – ужо амаль паўмільёна беларусаў!


Паводле апошніх даследаванняў тэлевізійнай аўдыторыі, «Белсат» з рознаю частатою глядзяць 12,5 % беларусаў, або 895 тыс. асобаў. 39 % дарослага насельніцтва (каля 2,8 млн.) ведае пра існаванне каналу. Сацыёлагі канстатуюць рост аўдыторыі «Белсату».

Сталая аўдыторыя расце

Больш за палову гледачоў каналу (53 %) можна залічыць да сталай аўдыторыі. Гэта амаль паўмільённая група асобаў, якія глядзяць канал штодня або некалькі разоў на тыдзень. Іх колькасць цягам 11 месяцаў з апошняга даследавання павялічылася на 8 адсоткавых пунктаў. На 4 адсоткавыя пункты павялічылася таксама колькасць асобаў, якія глядзяць праграмы «Белсату» некалькі разоў на месяц і цяпер складае 34 % усіх гледачоў.

44 % гледачоў глядзяць «Белсат» пры дапамозе спадарожнікавай антэны, 43 % – праз інтэрнэт. З дапамогаю абодвух каналаў перадачы інфармацыі – 13 %. Больш за палову аўдыторыі «Белсату» (53 %) хоць раз наведала старонку тэлеканалу «Belsat.eu».

Летась «Белсат» увёў у праграму трохгадзінны інфармацыйна-публіцыстычны блок, што выходзіць у жывым эфіры. «Студыя «Белсат» – гэта новая якасць на беларускім тэлевізійным рынку, дзе адсутнічае фармат інфармацыйнага тэлебачання. Паводле вынікаў даследавання, «Студыю» глядзяць 48 % гледачоў каналу, або 5,9 % насельніцтва краіны.

Ацэнка каналу

Асобаў, якія ведаюць пра існаванне «Белсату» (паводле даследавання – 39 % насельніцтва) папрасілі ацаніць яго. 71 % сказалі, што тэлеканал «паказвае пункт гледжання, адрозны ад пункту гледжання ў дзяржаўных медыях». 62 % назвалі яго «незалежным каналам, які паказвае свой пункт гледжання». 55 % лічаць «Белсат» апазіцыйным тэлеканалам. Агулам 76 % гледачоў дэкларуе давер да зместу тэлеэфіру «Белсату», што на 4 адсоткавыя пункты больш з леташнія вынікі.

Сацыёлагі асобна ўказалі, што ўдзельнікі апытання, якія ўспрымаюць «Белсат» як незалежную або апазіцыйную ў дачыненні ўладаў структуру, маглі хаваць перад даследчыкамі тое, што яны – яго гледачы.

Агульнанацыянальнае даследаванне грамадскай думкі правёў прыватны цэнтр «Люстэрка-Інфа» (Менск) 29 сакавіка – 17 красавіка 2013 года. Метад даследавання – інтэрв’ю-анкетаванне сярод жыхароў Беларусі ва ўзросце з 18 гадоў. У прапарцыйна-квотнай выбарцы апытаныя 3000 рэспандэнтаў. Кантраляваныя параметры: месца пражывання, тып населенага пункту, пол, узрост, адукацыя. Памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 0,6 %.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары