Колькі зарабілі за мяжой беларускія працоўныя мігранты?


У падмаскоўным Дамадзедава загінуў чарговы беларускі гастарбайтар. Тыдзень таму такая ж звестка прыйшла з Ленінградскай вобласці. А колькасць працоўнай міграцыі з нашай краіны ў Расею толькі павялічваецца. Сведчанне таго – новыя звесткі Нацбанку. Летась сума прыватных пераводаў, атрыманых з-за мяжы грамадзянамі нашай краіны, наблізілася да 1 мільярда долараў.



Расейскія інтэрнэт-старонкі стракацяць прапановамі працы для беларусаў. Электрамантажнік – ад 1000 да 1700 долараў. За тыя ж самыя грошы – муляр ды кафельнік. Натуральна, для нашых суайчыннікаў сумы такія – вялікая спакуса, а таму і едуць за мяжу ўсё больш.

{movie}Грошы з-за мяжы (30.05.2013) |right|10949{/movie}

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

“Тут не плацяць, таму і шукаюць чагосьці лепшага”.

“Знаёмыя ёсць – прыязджаюць на новых аўтах, прывозяць у сям’ю грошы, і зноў туды ж”.

“Хтосьці шукае лепшага жыцця або долі. А хтосьці – грошай”.

Паводле самых прыблізных падлікаў, колькасць беларусаў, што працуюць у Расеі, можа вагацца ад 150 000 да нават 300 000 чалавек. Большасць з іх працуюць на чужыне нелегальна. Затое грошы на радзіму высылаюць даволі спраўна. Згодна з новымі звесткамі Нацбанку, летась беларусы афіцыйна пераслалі ў краіну з-за мяжы 900 млн долараў. Неафіцыйна, кажуць эксперты, гэтая лічба значна вышэйшая і можа дасягаць нават 2 % ВУП краіны.

АНДРЭЙ ЕЛІСЕЕЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“Можна меркаваць, што сапраўды, сума большая і складае пад 1,5 мільярда, бо статыстыка і беларуская і расейская недаацэньвае колькасць беларускіх часовых мігрантаў, што працуюць у Расеі”.

Прычым, колькасць пераводаў расце штогоду. Яшчэ ў 2007 годзе лічба гэтая складала ўсяго 240 млн долараў. У 2011-м яна была на 100 млн меншая, чымся летась. Прычыны такой тэндэнцыі эксперты тлумачаць вельмі проста.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Павелічэнне колькасці пераводаў з-за мяжы звязаная, на маю думку, з большаю колькасцю беларусаў, якія выязджаюць перадусім у Расею”.

А вось наступствы такога адкату сапраўды могуць палохаць: змяншэнне колькасці працаздольнага насельніцтва пацягне за сабою і больш глабальныя праблемы для ўсяе эканомікі краіны.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Беларусь губляе сваю эканамічную суб’ектнасць і пазіцыі ў еўрапейскай і еўразійскай эканоміцы. Мы ператвараемся ў Малдову нумар два, адкуль з’ехалі ўсе працаздольныя, засталіся пенсіянеры”.

А значыць, і перспектывы сучаснай і мадэрнізаванай Беларусі, пра якую так часта кажа кіраўнік краіны, робяцца ўсё больш туманныя. А дзяржчыноўнікі правядуць гэтую мадэрнізацыю, бадай што, на паперы.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў