Дачку прэзідэнта Ізраілю «хлебам-соллю» віталі на Валожыншчыне (Фота)


«Я вельмі кранутая, мне трэба вярнуцца сюды яшчэ раз», – падзялілася жанчына.



У родную вёску свайго бацькі дачка Шымона Перэса – Цвія Вальдэн (Zvia Valdan) – прыехала на ўрачыстасці, прысвечаныя ягонаму 90-годдзю. Ізраільцянка ўзяла ўдзел у цырымоніі адкрыцця выставы «Шымон Пэрэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішнева на Прэзідэнцкую вуліцу ў Іерусаліме».

«Я тут першы раз, і вельмі кранутая, – прызналася Вальдэн. – Усё тут для мяне новае і цікавае, бо тое, што раней адчувала сэрцам і ўсведамляла ў галаве, аказалася зусім не тым самым, як бачыць на свае вочы, чуць на свае вушы, размаўляць з тутэйшымі людзьмі. Думаю, мне трэба вярнуцца сюды яшчэ хоць бы раз».

Разам з дачкою актуальнага ізраільскага прэзідэнта і лаўрэта Нобелеўскай прэміі ў Вішнева Валожынскага раёну прыехаў ейны муж Рафі Вальдэн, асабісты лекар галавы Ізраілю. Ім спадарожнічалі амбасадар Ізраілю ў Беларусі Іосіф Шагал, прадстаўнікі міжнароднага праекту «Лімуд», замежныя дыпламаты, рэжысёры, музыканты і журналісты.

Апроч выставы, ганаровыя госці ўзялі ўдзел у адкрыцці памятнага знаку і мемарыяльнай дошкі на месцы, дзе стаяў дом сям’і Перскіх, у якім і нарадзіўся Шымон Пэрэс. У Вішневе адбылася таксама цырымонія памяці ахвяраў Халакосту, сярод якіх – продкі спадарыні Вальдэн, якіх спалілі нацыстамі ў драўлянай сінагозе падчас Другой сусветнай вайны. У гонар бацькоў і дзядоў ізраільцянка прачытала малітву на іўрыце.

У гэты ж дзень адбыўся канцэрт артыстаў Беларусі ды Ізраілю і экскурсія па габрэйскіх мясцінах Валожыну.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў