Як беларуская мова збірае грошы для беларускага спорту


Беларускі спорт не самаакупны. Зарабляць грошы ў большасці спартовых клубаў не атрымліваецца галоўным чынам праз замоцнае дзяржаўнае рэгуляванне сферы ды неадукаванасць чыноўнікаў. Між тым, некаторыя каманды ўсё ж спрабуюць самастойна шукаць спонсараў. А дапамагае ім у гэтым… беларуская мова.

Спорт – гэта не толькі здароўе і відовішчы, але яшчэ і грошы. Часам – даволі вялікія. Большасць спартовых клубаў у Беларусі так ці інакш спансуе дзяржава. У той час, як іх замежныя калегі ў значнай ступені жывуць з маркетынгу: продажу экіпіроўкі, сімволікі і, натуральна, квіткоў на матчы. У нас паводле такіх схемаў працуюць адзінкі.

{movie}О, спорт, ты — грошы? (29.05.2013) |right|10930{/movie}

ВАЛЕРЫЙ ГАРЭЛІКАЎ, ДЫРЭКТАР АГЕНЦЫІ СПАРТОВАГА МАРКЕТЫНГУ:

“Хакейны клуб “Дынама” (Менск), часткова БАТЭ. Усё астатняе – зачаткавы ўзровень, і тыя рэчы, якія дае спорт, вельмі слаба рэалізуюцца пакуль”.

Праблема не толькі ў нізкім прафесійным узроўні спартовых маркетолагаў. Уся сістэма пабудаваная так, што спонсарскія схемы, прынятыя ў развітых краінах, у нас не працуюць. То бок браць грошы клубы ды іх функцыянеры хочуць, але адпрацоўваць іх не ўмеюць.

ІВАН КАРПЕНКА, «BELSWISSBANK»:

“Спонсар хоча, каб аўдыторыя, публіка ведалі, што менавіта спонсар, менавіта тая ці іншая кампанія падтрымліваюць пэўнае мерапрыемства, той ці іншы клуб. Але, на жаль, пакуль гэта працуе часцяком са збоямі”.

У гэтай сітуацыі тыя клубы, дзе кіраўніцтва ўсведамляе, што фінансавы дабрабыт каманды залежыць не толькі ад дзяржавы, пачынаюць прыдумляць свае крэатыўныя маркетынгавыя крокі. Добры прыклад – клуб “Цмокі-Менск”, які ўзяў гэтую назву на змену някідкаму “Менск-2006”. Менавіта пасля беларускамоўнага рэбрэндынгу клуб здабыў новых заўзятараў і выйшаў на іншы якасны ўзровень.

АЛЯКСАНДР КУЛЬ, МАРКЕТОЛАГ КЛУБУ «ЦМОКІ-МЕНСК»:

“Увагу прыцягнулі менавіта праз канфлікт назвы: маецца на ўвазе, што гэта азначае на беларускай мове і як гэта ўспрымаецца, скажам так, акультуранымі расейскаю культураю людзьмі”.

Натуральна, “Цмокам” дапамагла не толькі беларуская мова, але і добры ўзровень гульні пры якаснай маркетынгавай палітыцы. Але, на думку спартовых адмыслоўцаў, беларуская мова можа дапамагчы клубам пашыраць аўдыторыю. А гэта значыць – зарабляць болей грошай.

ВАЛЕРЫЙ ГАРЭЛІКАЎ, ДЫРЭКТАР АГЕНЦЫІ СПАРТОВАГА МАРКЕТЫНГУ:

“У гэтым сегменце можна прапаноўваць асобныя прадукты, асобныя цікавыя рэчы ды дадаткова праз гэта прыцягваць партнёраў. Той жа прыклад клубу “Цмокі”, калі яны прыцягнулі агенцыю. Ім даюць ідэі, а гэтыя ідэі можна якасна манетызаваць”.

Беларуская мова ў спорце становіцца ўсё больш прывабнаю. Вядомы тайбаксёр Віталь Гуркоў дык увогуле карыстаецца ёю на рынгу і па-за ім. Відаць гэта таксама, напрыклад, паводле фанатаўскіх банераў на матчах. Але на ўзроўні чыноўнікаў ініцыятыва знізу водгуку не знаходзіць. Як стала вядома, яшчэ на пачатку сезону кіраўніцтва Кантынентальнай хакейнай лігі забараніла менскаму “Дынама” пісаць прозвішчы хакеістаў беларускаю лацініцаю. Нашыя ж чыноўнікі адстаяць свае правы не змаглі ці не пажадалі…

Аляксей Мінчонак, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў