Усё больш саюзаў, усё глыбей інтэграцыя. Ці не?


У Астане разглядаецца праект Еўразійскага звязу. На паседжанні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савету – кіраўнікі Расеі, Казахстану, Беларусі.



Як сімвал магчымага пашырэння супрацы – адмысловае запрашэнне ў якасці назіральнікаў прэзідэнтаў Украіны і Кыргызстану. Прэсавая служба Крамля падала, што «асноўная тэма саміту – абмен думкамі пра рэалізацыю рыхтавання Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе да 1 траўня 2014 года. Плануюць разгледзець актуальныя пытанні забеспячэння функцыянавання Мытнага саюзу і далейшага разгортвання Адзінай эканамічнай прасторы».

Хто каму мацней патрэбны?

Паводле палітолага Паўла Усава, Расея, якая – галоўная ініцыятарка ўсіх гэтых інтэграцыйных праектаў, проста не можа абысціся без у рознай ступені залежных сатэлітаў. Без Беларусі, Украіны, Кыргызстану і Казахстану РФ застанецца на перыферыі Еўропы.

«Ніколі нашыя малыя постсавецкія рэспублікі не былі сапраўднымі партнёрамі для Расеі. Партнёрства заканчвалася там, дзе пачыналіся інтарэсы Расеі. Таму і Беларусь, і Казахстан разумеюць, што ўсё ж такі будуць другаснымі дзяржавамі ды такой раўнапраўнай супрацы, на якой пабудаваны Еўразвяз, не будзе», – зазначае Павал Усаў.

{movie}Каму мацней патрэбная інтэграцыя?|right|10920{/movie}

Калі Менск ідзе ў інтэграцыйныя абдымкі Крамля, дзеля забеспячэння чарговага тэрміну дзейнаму кіраўніку краіны, то Казахстан шукае дапамогі ў супрацьстаянні з наступам эканомікі Кітаю. Да таго ж расейскі рынак ратуе эканомікі Беларусі ды Казахстану: большасць прадуктаў мясцовай вытворчасці неканурэнтназдольная – і знаходзіць пакупніка толькі ў Расеі.



А чаго хочуць краіны-назіральнікі?

Паводле украінскага палітолага Вольгі Паповіч, калі казаць пра Украіну, то Януковіч бярэ прыклад з найлепшых часоў беларускай палітыкі шматвектарнасці. Кіеў кажа пра еўрапейскую інтэграцыю, выпускае былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Луцэнку, але разам з гэтым не забываецца абяцаць Маскве разгледзець пытанне наконт далучэння да Мытнага саюзу ды на паседжанні звязу Еўразійскага таксама выступае госцем.

{movie}Вольга Паповіч пра ўкраінскую шматвектарнасць|right|10921{/movie}

«Мне здаецца, што гэта – звычайная палітычная гульня. Трэба памятаць пра тое, што ўжо праз паўтара года ва Украіне будуць выбары прэзідэнта. Большая частка электарату Віктара Януковіча падтрымлівае гэты ўсходні вектар ды інтэграцыю з Расея, Казахстанам і Беларуссю. То бок яны чакаюць нейкіх канкрэтных крокаў. Да сённяшняга дня нічога не змянілася. Сёння, у прынцыпе, таксама большых зменаў у гэтым кірунку няма. Але для выбаршчыка гэта сігнал, маўляў – мы кіруемся ў патрэбны вам бок», – мяркуе спадарыня Паповіч.

У сваю чаргу, Уладзімір Пуцін нікуды не спяшаецца і выдатна разумее гульню Януковіча. Ад стаўлення Расеі да кіраўніка Украіны шмат у чым залежыць і настрой усходняй часткі краіны, а менавіта на іх абапіраецца ўкраінскі прэзідэнт.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў