Адмысловыя «атрады» ўганаруюць памяць Каліноўскага ў інтэрнэце


Ініцыятыва мае нагадаць у сеціве пра падзеі паўстання 1863–1864 гадоў і надаць «Мужыцкай праўдзе» другое дыханне.

У межах конкурсу-гульні, зарганізаванай берасцейскаю ініцыятываю «Грунт», удзельнікі мусяць аб’ядноўвацца ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», распаўсюджваць «Мужыцкую праўду» ў выглядзе паведамленняў пра паўстанне ў розных суполках сеткі.

Удзельнікі атрымаюць «паўстанцкую» атрыбутыку – «амуніцыю» (бранзалеты для «пяхоты», налепкі на аўто для «кавалерыі»). Стваральнік найбуйнейшага «атраду» атрымае саколку з выяваю Кастуся Каліноўскага.

Як распавёў кіраўнік культурна-асветніцкай ініцыятывы «Грунт» Віктар Клімус, ідэя конкурсу – у папулярызацыі гісторыі паўстання 1863 года ды ідэалаў змагароў за волю. «Гэта – сімвалічны акт салідарнасці, сучаснага падтрымання тых нашых продкаў, хто змагаўся за волю ўсяго народу 150 гадоў таму. Самае малое, што можа зрабіць нашае пакаленне, – гэта помніць і шанаваць сваіх герояў. У часы паўстання нашыя продкі, хто не змагаўся ў баях, таксама актыўна паказвалі сваю салідарнасць з паўстанцамі: жанчыны апраналі жалобу на публічныя пакаранні інсургентаў, насілі сімвалічныя ўпрыгожванні, напрыклад, бранзалеты ў выглядзе кайданоў ці падвескі з сімволікаю паўстання – за што пасля можна было трапіць у турму, пазбавіцца шляхецтва і ўласнага маёнтку. У гарадах ладзіліся маўклівыя акцыі смутку, целы страчаных каліноўцаў, нягледзячы на жорсткую забарону, хавалі».

Мы мусім сказаць нашае «дзякуй» ім – пакаленню Каліноўскага, якое ў пакутах нараджала ідэю вольнай Беларусі, дадаў актывіст.

Больш падрабязна пра конкурс «Помніць самім, нагадваць іншым» можна даведацца ў суполцы ініцыятывы «Грунт» у сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Гэтая ініцыятыва ладзіць ужо не першую акцыю ў гонар 150-годдзя паўстання 1863 года. Актывісты «Грунта» выдаюць газету «Мужыцкая праўда» аб падзеях паўстання Кастуся Каліноўскага, збіраюць складанку «Песні касінераў», ладзяць конкурс краязнаўчых артыкулаў. Як кажа спадар Клімус, у межах кампаніі «Шляхамі касінераў» яшчэ плануюцца вандроўкі мясцінамі, звязанымі з паўстаннем, моладзевы летнік.

Сёлетні год абвешчаны дэмакратычнаю грамадскасцю годам памяці нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў. Тым часам афіцыйныя ўлады імкнуцца абыходзіць гэтую тэму, абвесціўшы год «эканоміі ды ашчаднасці». Замест гэткіх ініцыятываў для папулярызацыі памяці паўстанцаў праўладныя арганізацыі адраджаюць традыцыі савецкіх часоў. Напрыклад, у Беларусі абвесцілі пра стварэнне «цімураўскіх» піянерскіх атрадаў.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары