Чаму ўлады баяцца 20-гадовай актывісткі?


https://youtu.be/VNSHtzCLVZg
https://youtu.be/XsVy65vlbBg
Намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка застанецца за кратамі. Дзяўчына – наймаладзейшая з палітзняволеных у Беларусі.

Скаргу пра змяненне меры стрымання Насты Палажанцы падавала адвакатка дзяўчыны Кацярына Пятровіч. Хадайніцтва пра тое, каб дзяўчыну выпусцілі пад паручыцельства, таксама напісалі вернікі пратэстанцкай царквы “Новае пакаленне” з Наваградку і паплечнікі Насты па маладзёвай арганізацыі. Бацька актывісткі Уладзімір Палажанка ў адкрытым лісце заклікаў Аляксандра Лукашэнку “здзейсніць мужчынскі ўчынак і адпусціць арыштаваных”, а таксама дачку – “хоць бы пад падпіску аб нявыездзе”. Аднак усе гэтыя просьбы ўлады ігнаруюць.

У сераду, 2 лютага, суд Цэнтральнага раёну Менску пакінуў скаргу адваката без задавальнення, палічыўшы, што дзяўчына мусіць заставацца ў СІЗА КДБ. Сустрэча Кацярыны Пятровіч з падабароннаю, на якую спадзявалася адвакатка, таксама ўчора не адбылася, паведаміў бацька Насты.

Уладзімір Палажанка мяркуе, што дачка пераадолела першы шок ад зняволення ў СІЗА КДБ. У сваіх апошніх лістах яна просіць перадаць касметыку, фарбу для валасоў. “Гэта, а таксама тое, што тон яе апошняга ліста ўжо ўпэўнены, і што яна непакоіцца пра сваіх блізкіх і паплечнікаў, гаворыць пра тое, што яна справілася з псіхалагічным шокам”, – падкрэсліў у інтэрв’ю “Белсату” бацька зняволенай актывісткі.

Намесніцу старшыні “Маладога фронту” Насту Палажанку затрымалі ва ўласнай кватэры летась у ноч з 19 на 20 снежня. Дзяўчына праходзіць у якасці абвінавачванай па крымінальнай справе аб масавых закалотах 19 снежня. Уплывовая міжнародная арганізацыя “Amnesty International” прызнала Насту Палажанку вязнем сумлення.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары