"Еўранэст": ізноў без Макея, але з апазіцыяй і незалежнымі СМІ


У Бруселі сёння адбываецца паседжанне працоўнае групы ў справах Беларусі. Удзел бяруць прадстаўнікі беларускае апазіцыі ў якасці назіральнікаў. А вось міністр замежных справаў Уладзімір Макей на запрашэнне Еўразвязу адказаў адмоваю. Раней Макей праігнараваў сустрэчу кіраўнікоў МЗС краінаў-удзельніц “Усходняга партнёрства”, выправіўшы замест сябе сваю намесніцу.

{movie}”Еўранэст”: апазіцыя і еўрадэпутаты ўзгадняюць меркаванні, афіцыйны Менск – ігнаруе паседжанне|right|10896{/movie}

Старшыня працоўнае групы наконт Беларусі ў “Еўранэсце” Яцэк Сар’юш-Вольскі назваў паталагічную адмову Макея наведваць Еўропу знакам таго, што афіцыйнаму Менску няма пра што размаўляць з Еўрапейскім Звязам, з якім вядуць дыялог прадстаўнікі апазіцыі ды грамадзянскае супольнасці. Тым больш, што ўдзел Беларусі ў праграме “Усходняга партнёрства” на ўзроўні Парламенцкай Асамблеі “Еўранэст” – выключна сімвалічны.

Затое на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі: лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні партыі “Справядлівы свет” Валер Ухналёў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў, намеснік руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч і старшыня БХД Віталь Рымашэўскі. Апазіцыянеры заклікалі не аднаўляць дыялогу з уладамі Беларусі, пакуль за кратамі застанецца хоць адзін палітвязень.

“Палітвязні маюць быць вызваленыя і рэабілітаваныя. Другая мэта – гэта справядлівыя выбары ў Беларусі. Толькі тады мы зможам рэалізоўваць еўразвязаўскі “план Маршала” для Беларусі ды план мадэрнізацыі”, – падкрэсліваў Анатоль Лябедзька.

Пагаджаўся з ім і кіраўнік Партыі БНФ: “ЕЗ не здольны да чагосьці змусіць Лукашэнку, таму мусіць з ім дамаўляцца, аднак нельга саступаць у справе палітвязняў”.

У сваю чаргу дэпутат Еўрапарламенту Ежы Бузэк зазначыў, што цяперашні стан моцна адрозніваецца ад сітуацыі выбараў 2010 года. І хоць пэўныя кантакты неабходныя, калі Еўразвяз хоча ўплываць на палітыку афіцыйнага Менску, прыярытэты не змяніліся – вызваленне палітвязняў перадусім.

Падтрымаць незалежныя медыі

Перад тым, як еўрапейскія палітыкі ды беларуская апазіцыя разважалі наконт умоваў, што выставяць афіцыйнаму Менску, Еўракамісія выслухала шэраг адмыслоўцаў і прадстаўнікоў медыяў. Дырэктарка “Белсату” Агнешка Рамашэўская-Гузы заклікала звярнуць увагу перадусім на развіццё грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне.

{movie}Агнешка Рамашэўская пра неабходнасць падтрымання незалежных СМІ|right|10898{/movie}

“Гэта адна з найважнейшых рэчаў, калі мы сапраўды хочам будаваць ці адбудоўваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Дагэтуль Еўракамісія і Еўразвяз не аказвалі дастатковага падтрымання – я намагалася сёння запэўніць у тым, што гэткія дзеянні маюць распачацца выразна і моцна. І мне падаецца, што гэта сустрэла пазітыўную рэакцыю старшыні Яцэка Сар’юш-Вольскага. Думаю, што будуць далейшыя дзеянні ў гэтым кірунку, бо так шмат кажуць пра дапамогу Беларусі, але вельмі мала робіцца. Я ўпэўненая, што дапамога патрэбная ўсім падобным медыям – як радыйным, так і інтэрнэт-сродкам (сёння тут была прадстаўніца “Хартыі-97”), ну і, вядома тэлебачанню, – то бок, “Белсату”, – зазначыла спадарыня Рамашэўская.



Дыктатура ў цэнтры Еўропы – не толькі праблема беларусаў

Польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі, які ўжо неаднаразова крытыкаваў Брусель за адсутнасць адзінай пазіцыі адносна афіцыйнага Менску, выказаў спадзяванне, што гэтым разам размовы прывядуць да нейкіх зменаў – прынамсі ў стаўленні ЕЗ да Беларусі.

{movie}Марэк Мігальскі пра “супольную праблему” беларусаў і еўрапейцаў|right|10897{/movie}

“Існаванне дыктатуры ў самым цэнтры Еўропы не ёсць праблемаю 10 мільёнаў беларусаў ці Лукашэнкі. Гэта клопат 500 мільёнаў еўрапейцаў, і тое, што мы дагэтуль не можам даць рады, – гэта сорам нам усім. Бо Еўразвяз замала ўвагі надае Беларусі – з розных, звычайна кан’юнктурных і фінансавых прычынаў. І гэта памылка і нашая задача – перамагчы гэты маразм, і таму мы тут сустракаемся”, – заявіў ён.

У. Ш., belsat.eu

Стужка навінаў