Чарнобыльскі турызм у Беларусі не раскруціўся, ва Украіне едуць тысячы


Беларускія чыноўнікі страцілі надзею на развіццё чарнобыльскага турызму. А вось ва Украіне ён актыўна развіваецца: штогод зону наведваюць тысячы асобаў.

Чарнобыльскі турызм – справа бесперспектыўная, і развіваць яго няма сэнсу, заявіў дырэктар дэпартаменту турызму Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін карэспандэнту «БелТА» падчас трэнавання для журналістаў «Агра- і экатурызм: магчымасці ды перспектывы», які праводзіцца ў межах праекту USAID «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё».

Чыноўнік не ўзгадаў, што у Беларусі дазвол на паездку ў забруджаную зону трэба атрымліваць самому. Ва Украіне такую паслугу аказваюць дзясяткі турфірмаў.

Міністэрства спорту і турызму падлічыла колькасць турыстаў, якія наведалі пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторыі, у тым ліку Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік: 17 асобаў за апошнія тры гады. Паводле Вадзіма Кармазіна, раней было шмат размоваў, што чарнобыльскі турызм – схаваны рэсурс, які краіна не задзейнічае. «Аказваецца, там выкарыстоўваць няма чаго…»

Указальнік на ЧАЭС. Фота likar.ruУказальнік на ЧАЭС. Фота likar.ruГорад-прывід і абед у рэстаране “Саркафаг”

Праз пяць гадоў пасля аварыі на ЧАЭС ва Украіне пачалі паступаць шматлікія просьбы наведаць яе і забруджаныя тэрыторыі. Найбольш сярод зацікаўленых было японцаў. Для абслугоўвання турыстаў нават паўстаў адмысловы аддзел. Апроч самой станцыі, можна было наведаць райцэнтр Чарнобыль і ўбачыць клуб, дзе адбываўся адкрыты суд над вінаватымі ў аварыі, горад-прывід Прыпяць (за 2 км ад ЧАЭС) і пад’есці ў рэстаране «Саркафаг». За 55 км ад станцыі паўстаў гарадок Славуціч, дзе набудавалі катэджаў-гатэляў для замежных наведнікаў.

У 1995 годзе пры Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў Украіны стварылі Агенцтва інфармацыі, міжнароднай супрацы і развіцця «Чернобыльинтеринформ». Яно пачало арганізоўваць паездкі ў зону адчужэння (яна бліжэй да ЧАЭС, чым зона адсялення).

Пасля гэтым пачалі займацца дзясяткі турфірмаў, якія супрацоўнічалі з гэтай структураю. У 2012 годзе выйшаў даклад ААН, паводле якога ў большасці месцаў адчужэння можна быць без асаблівай шкоды для арганізма. З тых часоў колькасць турыстаў штогод расце на 1–1,5 тыс. асобаў.

Росту папулярнасці паспрыяла і гульня «S.T.A.L.K.E.R.», якая выйшла ў 2007-м. У 2009 годзе часопіс «Forbes» назваў Чарнобыльскую АЭС самым экзатычным месцам для турызму на Зямлі. Праз год украінскія ўлады вырашылі адкрыць зону для ўсіх ахвочых (раней уезд быў абмежаваны). Доступ тураператарам забаранілі з чэрвеня 2011 да студзеня 2012 года: разгарэўся скандал з удзелам Міністэрства надзвычайных сітуацыяў і Генеральнай пракуратуры. Адной з прычынаў чыноўнікі называлі тое, што заробленыя на турыстаз грошы не ішлі на дапамогу пацярпелым раёнам.

Але цяпер бізнес ізноў набірае абароты. Кошт экскурсіі – ад $ 20–30 у складзе групы і да $ 500 паводле індывідуальнай праграмы. Паводле звестак «Чернобыльинтеринформа», штогод зону наведваюць 7–10 тыс. асобаў.

У сеціве існуюць дзясяткі старонак, прысвечаных паездкам у Чарнобыль. Аматары ствараюць нават віртуальны 3D-музей гораду Прыпяць – эпіцэнтру Чарнобыльскай катастрофы (месцііцца за 2 км ад ЧАЭС).

{movie}Афіцыйны трэйлер праекту “Припять 3D”|right|10875{/movie}

У Беларусі турыстаў не вітаюць

У Беларусі арганізаванага чарнобыльскага турызму не існуе. Дзеля таго, каб трапіць «за дрот», трэба атрымаць пропуск. Яго выдаюць адміністрацыі зонаў адчужэння і адсялення ў Гомелі ды Магілёве або іх адмыслоўцы ў раёнах.

На тэрыторыі зоны адсялення і адчужэння размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Яго працаўнікі сочаць, каб радыёнукліды (перадусім з пылам) не пераносіліся на чысцейшыя тэрыторыі. Дзеля гэтага забалочваюць мясцовасць і саджаюць лясы. Таму прысутнасць пабочных асобаў зводзяць да мінімуму.

На пачатку 1990-х вазіць у Чарнобыль турыстаў хацела Гомельскае бюро вандровак і экскурсіяў. Але большасць беларусаў паездку ў эпіцэнтр выбуху лічылі непатрэбнаю рызыкаю. Экстрым тады быў нямодны, а рэкламу маршруту ўспрынялі як нажыванне на чужым горы. Цяпер некалькі фірмаў усё ж прадаюць туры Менск–Чарнобыль. А вось на беларускую тэрыторыю турыстаў не возяць.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў naviny.by, wildlife.by

Стужка навінаў