На кожнай беларускай сям’і вісіць доўг: у сярэднім $13 тыс.


Пра тое, як урад Беларусі незаўважна забірае даходы грамадзянаў, каб выплаціць замежныя крэдытах – у «Размове Мацкевіча».

2013 для Беларусі – год найбуйнейшых выплатаў вонкавых крэдытаў. Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, доўг краіны складае сёння каля $ 12 млрд, а калі дадаць да гэтага пазыкі банкаў і прадпрыемстваў, ён вырасце да $ 32–34 млрд.

«Скажы каму, што на сям’ю з чатырох асобаў прыкладна $ 13 тыс. пазыкі за апошнія 5 гадоў набралі. Урад гэта хавае. Мала хто ведае, што толькі летась мы заплацілі больш за $ 900 млн. адсоткаў за абслугоўванне пазыкаў», – зазначае Леанід Заіка. Сёлета Беларусь мусіць выплаціць мінімум $ 3,5 млрд. Галоўная крыніца, адкуль можна ўзяць грошы, – гэта гандаль: больш прадаваць, меней набываць. Аднак сёлета экспарт знізіўся на 17 %.

Таму ўраду патрэбны іншы механізм здабычы грошай: у краіне арганізуецца інфляцыя. «Калі УВП – 60 млрд, дык 10-адсоткавая інфляцыя дае ўжо 6, то бок мы незаўважна забіраем у насельніцтва 6 млрд. Калі інфляцыя складае 20 %, а сёлета меншаю яна не будзе, мы забіраем 12 млрд. Насельніцтва гэтага не ўсведамляе – яно бачыць толькі, што кошты растуць», – тлумачыць Леанід Заіка.

{movie}”Размова Мацкевіча”: Леанід Заіка пра інфляцыю і сакрэтны механізм уладаў|right|10856{/movie}

У Беларусі інфляцыя – гэта метад пераразмеркавання даходаў паміж людзьмі, прыдумвання розных праграмаў і аплочвання розных мерапрыемстваў, дажынак. Для параўнання: у краінах СНД інфляцыя складае 3–7 %.

Паводле Леаніда Заікі, галоўнае, чаго дамаглося кіраўніцтва краіны за апошнія 20 гадоў, – танная працоўная сіла. У снежні 2012 года заробак у Расеі склаў $ 1215, у Казахстане – $ 847, а ў Беларусі – $ 550. Аднак танная працоўная сіла не ў стане прыцягнуць інвестараў з прчыны адсутнасці нармальных умоваў для вядзення бізнесу. Вынік – міграцыя.

«Вы прывялі да таго, – звяртаецца Леанід Заіка да кіраўніцтва краіны, – што эліта краіну пакідае, кваліфікаваная працоўная сіла таксама будзе з’язджаць у Расею або на Захад і вось вы застаняцеся са сваймі 933 тыс. пенсіянераў ва ўзросце 70 гадоў і старэй. Ім падабаецца сённяшняя сітуацыя. І ў выніку Беларусь не адбудзецца як дзяржава».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў