Польская палітолаг: Еўразвяз не вызначыўся ў стасунках да Беларусі, чаго хоча дасягнуць


https://youtu.be/ud8NkV2BfJM
На пачатку вясны Юстас Палецкіс быў са шматдзённым візітам у нашай краіне. Мэтаю ягонай працы быў збор звестак пра стан правоў чалавека. Па выніках гэтай справаздачы Еўразвяз мае сфармаваць палітыку дачыненняў з нашаю краінаю. У дакуменце, між іншага, Палецкіс рэкамендаваў адмяніць санкцыі датычна шэрагу службоўцаў ураду, бо ў Беларусі адзначаецца “паляпшэнне сітуацыі ў сферы правоў чалавека”. Такая ацэнка выклікала шквал крытыкі з боку грамадзянскай супольнасці ды часткі апазіцыі. Гэта змусіла спадара Палецкіса замяніць фармулёўку на “некаторыя паляпшэнні”.

Прадстаўніца польскага Інстытуту замежных справаў Анна Дынэр падкрэсліла, што даклад Палецкіса будзе абмяркоўвацца ў Еўрапарламенце. Для польскага ж боку, які мае сваё прадстаўніцтва ў еўрапейскіх структурах, ніякіх зменаў да лепшага ў сітуацыі парушэння правоў чалавека ў Беларусі не адбылося. Спадарыня Дынэр дадала, што гэткай пазіцыі будуць прытрымлівацца таксама іншыя еўрапейскія краіны, бо па-ранейшаму за кратамі застаюцца беларускія палітвязні.
{movie}”Гарачы каментар”: Анна Дынэр пра дачыненні Еўразвязу і Беларусі |right|10846{/movie}
Госця “Гарачага каментара” адзначыла, што Юстас Палецкіс, склаўшы справаздачу з даданымі вынікамі для Беларусі, можа быць на варце інтарэсаў Літвы, якая заўсёды выступала адвакатам нашай дзяржавы ў Еўразвязе: “Літва імкнецца, каб на саміце “Усходняга партнёрства”, які адбудзецца ў Вільні ў лістападзе, прыехала дэлегацыя з Беларусі… Можа, на чале з прэм’ерам Мясніковічам, можа, з міністрам Макеем, але мы чулі, што беларускі бок чакае запрашэння на імя Лукашэнкі”.

У стасунках Бруселю і афіцыйнага Менску склалася тупіковая сітуацыя, мяркуе палітолаг. З аднаго боку Еўразвяз настойвае на вызваленні палітвязняў, а з другога –улады Беларусі засталіся глухімі да гэтых патрабаванняў. Калі ж Еўразвяз і шукае нейкага кампрамісу ў дачыненнях з Менскам, падкрэсліла адмыслоўца, нязменным застанецца яго пазіцыя ў пытанні палітвязняў, бо ў адваротным выпадку рызыкуе згубіць твар.

Уся гэтая сітуацыя складаная для абодвух бакоў. Мне здаецца, што Еўразвяз прыходзіць да высновы: поўная ізаляцыя Беларусі – гэта таксама не тое, чаго б яму хацелася. Праблема ж у тым, што мы яшчэ ў Еўразвязе не вызначылі, чаго мы хочам дасягнуць у нашай усходняй палітыцы”, – падкрэсліла спадарыня Дынэр. На ейную думку, Еўразвяз мусіць вызначыцца з гэтым акурат да саміту “Усходняга партнёрства” ў Вільні.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары